Рэалізуем праект разам

Новости

5x88_vrV2igБраслаўчане, мабыць, ужо заўважылі станоўчыя змяненні на старой дарозе, што ідзе ад аўтадрома да Лысай гары. За два месяцы браслаўскія камунальнікі і меліяратары навялі там пэўны парадак: выдалены старыя дрэвы, праведзена раскарчоўка і планіроўка тэрыторыі, вывезена смецце.
У перспектыве ўздоўж брукаванкі павінна з’явіцца вялікая і добраўпарадкаваная зона адпачынку, якая звяжа пляж з цэнтрам горада. Лесвіца з вуліцы Карла Лібкнехта павінна стаць яе гарманічнай часткай – на ёй таксама плануецца аднаўленне і ўстаноўка ліхтароў. Схіл упрыгожыць надпіс “Браслаў” з гербам нашага горада. Двухмятровыя літары будуць устаноўлены на падмурку і абсталяваны падсвечваннем, а побач з імі з’явіцца невялікая пляцоўка. Папярэдні эскіз гэтага аб’екта ўжо распрацаваны: на здымку – яго прыкладны выгляд. Сама брукаванка павінна набыць свой гістарычны выгляд. Уздоўж яе будуць лавачкі для адпачынку, галерэя адметных мясцін Браслаўшчыны, магчыма, гульнявыя і дзіцячыя пляцоўкі, невялікая траса веласіпеднага фры-райду і нават аб’ект грамадскага харчавання.
На праведзеныя ўжо работы раён затраціў больш за 185 мільёнаў рублёў. Намер паспрыяць у рэалізацыі задуманага выказалі падчас рабочай паездкі ў Браслаў старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Хрыстафораў і начальнік фінансавага ўпраўлення аблвыканкама Барыс Кічаноўскі. Наперадзе – яшчэ больш маштабныя работы і вялікія затраты. Улады будуць добраўпарадкоўваць брукаванку, але з фармуліроўкай “пры наяўнасці сродкаў”. Усе мы добра ведаем, што рэалізацыя праекта ў такім выпадку зацягнецца. Між тым кожны з нас, хто любіць свой горад і неабыякавы да яго лёсу, можа прыняць непасрэдны ўдзел у карыснай і такой неабходнай справе. Да таго ж нядаўна праведзенае інтэрнэт-апытанне паказала лаяльнасць браслаўчан да праекта і гатоўнасць апошніх падтрымаць яго рэалізацыяю.
З гэтай нагоды ў райвыканкаме адкрыты спецыяльны рахунак 3641312000015 у ЦБУ №205 АСБ Беларусбанк, МФО 150801660, сродкі з якога будуць выкарыстаны выключна на агучаныя мэты. Любая фізічная і юрыдычная асоба можа ўнесці ўклад у агульную і надзвычайна патрэбную справу. Як зазначыў намеснік старшыні райвыканкама па архітэктуры, будаўніцтве і ЖКГ Андрэй Давыдзенка, мэтавае выкарыстанне грошай гарантуе спецыяльна прынятае распараджэнне. На старонках газеты рэгулярна будуць публікавацца звесткі наконт сабранай сумы, прадпрыемствах і грамадзянах, якія ўнеслі найбольшы ўклад у агульную справу. Самыя актыўныя ўдзельнікі праекта будуць адзначаны дыпломамі.
Як кажуць, са свету па нітцы – голаму кашуля. Мо і ў нашым горадзе ўсеагульная падтрымка добрай ініцыятывы дасць свае вынікі. У такім выпадку ўжо ў бліжэйшы час браслаўчане і госці горада змогуць прагуляцца па прыгожай пешаходнай вуліцы, якой, згадзіцеся, нам так не хапае.

Вячаслаў Каладынскі.