Пранікнёная сустрэча

Главное

IMG_1533 (Medium)У СШ №2 вялікую ўвагу ўдзяляюць духоўна-маральнаму выхаванню школьнікаў. Для 10-цікласнікаў працуе факультатыў “Асновы праваслаўнай маралі”, трэццякласнікі займаюцца таксама ў гэтым накірунку. Свяшчэннаслужыцелі праваслаўных храмаў Браслаўшчыны – частыя госці ў гэтай навучальнай установе.
Сярод дзяцей тут праводзяць конкурсы малюнкаў “Прыгажосць Божага свету”, “Божы свет вачамі дзяцей”. У час работы аздараўленчага лагера працуе праваслаўны атрад. Дзеці з ранняга школьнага ўзросту разам з настаўніцай біялогіі Ірынай Канопліч знаёмяцца з праваслаўнымі святамі, іх традыцыямі. Насычанай і разнастайнай была і праграма, прысвечаная святу праваслаўнай кнігі. Таму зусім не выпадкова, што ў мінулым навучальным годзе школа заняла другое месца ў абласным конкурсе творчых работ “Духоўна-маральнае выхаванне вучняў у сучасных умовах”.
А на другі дзень Вялікадня тут правялі велікодны ранішнік. З віншавальнымі словамі да дзяцей звярнуўся пратаіерэй Анатоль, благачынны Браслаўскага благачыння, настаяцель Свята-Успенскага храма. Ён расказаў пра гісторыю свята і пажадаў усім міру і дабра.
А затым самі школьнікі ў ходзе імправізаванай тэатралізаванай пастаноўкі пазнаёмілі сваіх равеснікаў з традыцыямі Вялікадня, чаму на свята фарбуюць яйкі, у якія гульні гуляюць і як святкуюць уваскрэсенне Хрыстова. Мерапрыемства атрымалася па-сапраднаму не толькі пазнавальным, але і вельмі ўзнёслым, пранікнёным.

Тэкст і фота
Зінаіды Палулех.