На вясенніх канікулах вучням Опсаўскай школы сумаваць не было часу, кожны іх дзень быў насычаны рознымі мерапрыемствамі і падзеямі. Да таго ж канікулы супалі з тыднем кнігі і музыкі, які кожны год ладзіцца ў гэты час ва ўстанове адукацыі.
Настаўніца інфарматыкі Святлана Бунта кожны раз прыдумвае новую форму правядзення тыдня кнігі і музыкі. Сёлета ён насычаны віктарынамі, сустрэчамі, прэзентацыямі, а пачаўся з тэатралізаванага і відовішчнага прадстаўлення пад назвай “Старая казка на новы лад”. Юныя акцёры пад кіраўніцтвам педагога падрыхтавалі для сваіх равеснікаў цікавую і павучальную гісторыю. Расказвала яна пра разумную ды начытаную Царэўну, якая трапіла ў лапы злога Змея. Вось бяда, злыдзень вырашыў аддаць яе замуж за свайго неадукаванага сына, але ж, як і ў любой казцы, пасля шматлікіх прыгод дабро ў выглядзе мужнага Івана-стральца ўсё ж такі перамагло зло. А дапамагла яму менавіта кніга – крыніца ведаў. Таму і вырашылі ў царстве Царэўна і Іван адчыніць бібліятэку, каб кожны жыхар, вялікі ці малы, прыходзіў за кнігамі. Хочацца спадзявацца, што мудрыя словы, якія гучалі са сцэны падчас прадстаўлення, будуць пачуты, а кожны школьнік возьме сабе ў сябры менавіта кнігу.
Павучальнае прадстаўленне было цікава як самым маленькім гледачам, так і дзецям старэйшага ўзросту. Выдатна аздобілі пастаноўку музычнае афармленне, дэкарацыі і яркія касцюмы. А ў акцёры ўзялі не толькі выдатных вучняў, але і далі магчымасць праявіць сябе тым школьнікам, каму вучоба даецца больш складана.
Але прадстаўленне было толькі пачаткам, за тыдзень школьнікі таксама наведалі прэзентацыю кнігі, адправіліся ў гульню-вандроўку, паўдзельнічалі ў віктарыне і наладзілі мультклуб, адным словам, весела і карысна правялі час.
Таццяна Пятушка.