Лепшы спосаб даведацца пра тое, як ацэньваюць тваю работу людзі, правесці анкетаванне. Вось і нядаўна ладзіўся маніторынг грамадскай думкі жыхароў раёна пра работу Браслаўскага РАУС.
Падчас яго правядзення было апытана шмат рэспандэнтаў, якія адносяцца да розных сацыяльных груп, прадстаўляюць асноўныя сферы дзейнасці. Мужчыны і жанчыны ва ўзросце ад 18 да 50 гадоў і старэй адказвалі на пытанні анкеты.
Аналіз атрыманых даных паказаў, што ступень даверу насельніцтва міліцыі складае 89,6 %, што з’яўляецца добрым паказчыкам дзейнасці Браслаўскага РАУС. Пры гэтым поўнасцю давяраюць міліцыянерам 32,8% апытаных.
Рэспандэнтам задавалі таксама пытанне, наколькі аператыўна рэагавалі на ваш званок па тэлефоне “102”. У выніку 36,8% адказалі, што супрацоўнікі міліцыі прыбылі на месца здарэння менш чым за 7 мінут, 33,8% апытаных чакалі вартавых парадку 20-25 мінут. Лічбы амаль роўныя, але казаць пра тое, што міліцыя рэагуе не аператыўна, нельга, бо часам, каб дабрацца да аддаленай вёскі, не хопіць і 20 мінут.
Прыемна, што сярод апытаных 45,3% адзначылі: падчас зносін з супрацоўнікамі міліцыі, якія знаходзіліся пры выкананні службовых абавязкаў, апошнія праявілі такія якасці як ветлівасць і ўважлівасць, 32,9% сапраўдны прафесіяналізм.
У выпадку рэальнай пагрозы жыццю, здароўю, маёмасці 75% рэспандэнтаў адразу звернуцца ў міліцыю, і толькі 6,5% разлічваюць на свае сілы. Не скарачаецца колькасць людзей, гатовых дапамагчы нашым супрацоўнікам у барацьбе са злачыннасцю (59,6% апытаных).
Жыхары раёна падчас апытання звярнулі ўвагу і выказалі прапановы адносна таго, каб часцей выяўляць і спыняць факты ўжывання спіртных напіткаў і знаходжання ў стане алкагольнага ап’янення ў грамадскіх месцах, пажадалі яны і палепшыць асвятленне пешаходных пераходаў, абсталяваць святлафорамі найбольш ажыўленыя перакрыжаванні вуліц горада. Жыхары раёна звярнулі ўвагу на тое, што трэба рэгулярна праводзіць мерапрыемствы па выяўленні парушэнняў хуткаснага рэжыму і кіравання транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення.
Рэспандэнты заўважылі, што неабходна і надалей праводзіць маніторынг грамадскай думкі пра работу міліцыі. І гэта дзейсная думка. Анкетаванне будзе праводзіцца і надалей. А пасля аналізу вынікаў апытання работа РАУС будзе накіравана на тое, каб палепшыць некаторыя паказчыкі.
Вячаслаў Грышчанка,
начальнік РАУС.