На апошні каардынацыйны савет па выкананні Дэкрэта №18, які праходзіў у мінулы аўторак, было вынесена пяць пытанняў, але аб’ядноўвала іх адна тэма – работа з абавязанымі асобамі. Менавіта так называюць гора-бацькоў, якія вымушаны пакрываць расходы, патрачаныя дзяржавай на ўтрыманне іх дзяцей, што знаходзяцца на дзяржзабеспячэнні.
Кантынгент абавязаных асоб дастаткова розны, але большасць з іх маюць схільнасць да чаркі, да гэтага дадаецца нежаданне працаваць і, як вынік, прагулы на рабоце і амаральнае жыццё. Але ж кожны з такіх гора-бацькоў на кантролі каардынацыйнага савета. І ў першую чаргу ўвага звяртаецца на тое, каб яны не злоўжывалі алкаголем.
Гэту тэму і закранула першае пытанне, вынесенае па павестку дня. Пра эфектыўнасць лячэння алкагольнай залежнасці ў такіх асоб і накіраванне іх у ЛПП расказалі намеснік начальніка РАУС Андрэй Бабуль і ўрач-нарколаг Браслаўскай ЦРБ Святлана Аляксеева.
Лячэнне для абавязаных асоб – адзіны выхад, бо самі яны не могуць адмовіцца ад дрэннай звычкі. На 1 сакавіка з 71 абавязанай асобы на ўліку ў нарколага знаходзіцца 41 чалавек, пры гэтым 16 з іх нерэгулярна наведваюць урача. Кожны месяц спісы такіх грамадзян правяраюцца, калі тэрміны лячэння прапускаюцца, да пошуку далучаецца РАУС. У сельскай мясцовасці іх кантралююць у мясцовых амбулаторыях. Толькі за 2 месяцы гэтага года 10 абавязаным асобам прызначана лячэнне. Але ж што для іх не рабі, жаданне пазбавіцца ад шкоднай звычкі мала ў каго з’яўляецца. Калі ж нічога не дапамагае, застаецца адно – накіраванне ў ЛПП. І ў гэтым годзе РАУС значна актывізаваў работу па накіраванні абавязаных асоб у такія месцы, за 2 месяцы 2013 года туды накіраваны тры чалавека, у адносінах яшчэ траіх справы вырашаюцца.
Алкагольная залежнасць прыводзіць да таго, што абавязаныя асобы пачынаюць весці амаральны лад жыцця і не з’яўляюцца на работу. Трэба зазначыць, што з прагуламі сітуацыя ў апошні час стала выпраўляцца. За студзень іх было зафіксавана 59, а ў лютым ужо 40. Гэта яшчэ дастаткова вялікая лічба, але яна ідзе да памяншэння. У многім тут заслуга арганізацый і прадпрыемстваў, а таксама адказных асоб, якія замацаваны за абавязанымі грамадзянамі на працоўных месцах. І такіх выдатных прыкладаў шмат, зазначыла падчас выступлення начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Людміла Цяцера.
Увогуле была створана рабочая група, якая на месцах праводзіла маніторынг работы з абавязанымі асобамі ў арганізацыях і на прадпрыемствах. Дзесьці справы складваюцца добра, за гора-бацькамі наладжаны пільны кантроль, яны пастаянна ў полі зроку, прыцягваюцца да грамадскіх спраў, так, як у КУП ЖКГ “Браслаў-камунальнік”. У другіх арганізацыях горш, менавіта на іх і была засяроджана ўвага каардынацыйнага савета, вынесены заўвагі. Так, нараканні выклікала работа з абавязанымі асобамі ў ААТ “Новая Гвардыя” і “Агравідзы”.
Але ж якая б работа не праводзілася арганізацыямі і прадпрыемствамі, у многім усё залежыць ад таго, ці жадае чалавек сам стаць на правільны шлях. З тымі ж, хто не жадае спраўляцца размова будзе кароткай, яны, хутчэй за ўсё, трапяць у ЛПП.
Як прыклад, лёс жанчыны-“зязюлі”, якую запрасілі на савет. За прагулы яна была прыцягнута да крымінальнай адказнасці, злоўжывала алкаголем, трапіла ў ЛПП. Перад саветам абяцала выправіцца, не прагульваць працу, прайсці лячэнне. Толькі ці выканае яна свае абяцанні, невядома. Вось ужо 2 гады як яна вярнулася з ЛПП, а да сына, які жыве ў дзіцячым доме, так і не даехала. “Сумленне не дазваляе”, – гаворыць яна. Пра якое сумленне тут можа ісці гутарка.
Напрыканцы пасяджэння членамі савета была агучана дзейсная прапанова, сабраць абавязаных асоб і завезці іх у Друйскі дзіцячы дом, дзе жывуць іх дзеці. Каб на свае вочы нядбайныя бацькі ўбачылі: якія б ні былі выдатныя ўмовы тут, дома, з бацькамі, намнога лепш.
Таццяна Пятушка.