Сустрэча ў бібліятэцы

Главное

19 сакавіка ў Браслаўскай бібліятэцы адбылася чарговая нарада бібліятэчных работнікаў ЦБС. На сустрэчу з бібліятэкарамі быў запрошаны настаяцель Браслаўскай царквы айцец Анатоль. У сваім выступленні ён крануўся тэмы вечных духоўных каштоўнасцей, адзначыў вялікае значэнне друкаванага слова ў сучасным грамадстве, нагадаў пра жыццё і дзейнасць першых беларускіх асветнікаў Е. Полацкай, К. Тураўскага. Сімвалічна, што выступленне святара адбылося ў час, калі ў праваслаўных вернікаў пачаўся вялікі пост. Тлумачэнні пра значэнне паста для кожнага чалавека бібліятэкары таксама пачулі з выступлення госця. Трэба зазначыць, што сустрэчы са свяшчэннікамі розных канфесій з’яўляюцца ў ЦБС традыцыйнымі і праходзяць не толькі ў цэнтральнай бібліятэцы, але і ў бібліятэках-філіялах.
Потым на нарадзе адбылося пасяджэнне літаратурнай гасцёўні «Імёны. Асобы. Лёсы», прысвечанае 130-годдзю з дня нараджэння А. Талстога. Была прадстаўлена электронная прэзентацыя пра творчасць і асабісты лёс пісьменніка. У рубрыцы «Вучымся прафесіяналізму» выступілі бібліятэкары Ж. Анісімовіч (Гірэйшанская бібліятэка) і Т. Балтунова (Опліская бібліятэка) з электроннымі прэзентацыямі, прысвечанымі
95-годдзю з дня нараджэння беларускага грамадскага і палітычнага дзеяча П. Машэрава. У рубрыцы «Прафесійная майстэрня» выступалі бібліятэкары з кансультацыямі, дзяліліся вопытам работы, карыснымі парадамі. Скончылася нарада «Трыбунай дырэктара», у якой былі акрэслены злабадзённыя пытанні бібліятэчнай работы ЦБС.

Ірына Макарэвіч, загадчыца
аддзела бібліятэчнага маркетынгу.