У маі бягучага года працаўнікі перасоўнай механізаванай калоны № 42 адзначаць 55-годдзе з дня яе ўтварэння. Яшчэ ў не зусім далёкім мінулым арганізацыя была асноўным забудоўшчыкам раёна. Аднак як па аб’ектыўных, так і суб’ектыўных прычынах яна паступова прыходзіла ў заняпад. Зношвалася тэхніка і абсталяванне, з-за нізкіх зарплат работу пакідалі лепшыя кадры. Па Браславе нават хадзілі чуткі, што калону наогул расфарміруюць.
Як жывуць сёння будаўнікі? Пра гэта карэспандэнту газеты Аляксандру Азевічу расказалі спецыяліст па кадрах намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце Антаніна Жойдзь і начальнік вытворчага аддзела Уладзімір Кавалеўскі.
Антаніна Жойдзь: — Сёння ў нашай арганізацыі працуе 124 чалавекі. А ў лепшыя гады гэта лічба даходзіла да 300. Брыгады будаўнікоў працуюць на ўзвядзенні жылога дома ЖБК-9 і малочна-таварнай фермы ў Плюсах. Акрамя гэтага, мы аказваем транспартныя паслугі і паслугі па аддзелачных работах. За 2 месяцы асвоілі 1,2 міліярды рублёў, што на 14 % больш за аналагічны перыяд мінулага года. Прыбытак за студзень склаў 52 мільёны.
Асноўная наша праблема — гэта недахоп кваліфікаваных кадраў. Асабліва адчуваецца дэфіцыт муляраў і плотнікаў. У нялёгкі для ПМК час людзі разбягаліся хто куды. Найбольш кваліфікаваныя падаваліся на заробкі ў Маскву. Радуе, што цяпер назіраецца адваротная тэндэнцыя. Людзі пачалі адтуль вяртацца. У калектыў зноў уліліся брыгады Валерыя Друся і Андрэя Карнавушкі, якія цяпер працуюць у Плюсах. Хлопцы — выдатныя спецыялісты, іх выпрацоўкі самыя высокія. Нядрэнна робяць сваю справу і будаўнікі з брыгады Арцёма Багуслоўскага, што ладзяць дах на доме ЖБК-9.
Папаўняецца калектыў і моладдзю. Да нас прыходзяць выпускнікі Відзаўскага і Полацкага каледжаў. За імі заўсёды замацоўваем настаўнікаў з вопытных рабочых. Раней за настаўніцтва абавязкова даплачвалі. Праўда, цяпер такой магчымасці няма. Але, кіраўніцтва арганізацыі, якое пастаянна трымае на кантролі кадравыя праблемы, імкнецца вярнуць былую практыку, бо без прытоку маладых кадраў няма будучыні.
У цэлым жа сітуацыю можна ахарактыразаваць так: цяжкасці мы пераадольваем разам, спадзяёмся, што паступова вернем былыя пазіцыі.
Б/З — Уладзімір, мяне вельмі цікавіць ход работ на ўзвядзенні МТФ у Плюсах, увод якой адкладваецца ўжо не адзін раз. Раскажыце, як ідуць там работы.
Уладзімір Кавалеўскі: — Будаўніцтва на сяле — даволі складаная і няпростая работа, прытым са сваёй спецыфікай. Нашы гаспадаркі сёння не ў стане самі фінансаваць узвядзенне такіх буйных аб’ектаў. Дзяржаўная ж казна, за кошт якой і будуюцца такія комплексы, таксама не бяздонная. Таму тэмпы работ у многім залежаць ад паступлення фінансаў. Паступілі яны — работы вядуцца, няма грашовых выдаткаў — спыняюцца.
Але ж мы не з’яўляемся генпадрадчыкам будаўніцтва. За ўвесь комплекс работ адказвае будфірма “Власта”. А з тымі работамі, што ўзялі на сябе, лічу, спраўляемся. Кожны дзень у Плюсы ездзяць 24 будаўнікі. У планавыя графікі будаўніцтва сваіх аб’ектаў яны ўкладваюцца. Таму заканчэнне ўвядзенне ў строй жывёлагадоўчага комплексу залежыць не ад браслаўскіх будаўнікоў, а ад генпадрадчыка.
Скажу, што сёння нам па сіле ўзяць на сябе і большыя аб’ёмы работ, толькі гэта залежыць ужо ад пазіцыі генпадрадчыка.
Б/З. Дзякую за шчырую размову. Поспехаў вам і да сустрэчы напярэдадні юбілею.