Кожны год на пачатак вясенніх канікул прыпадае і пачатак Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі. Сёлетняя свята Кнігі адметнае тым, што адзначае свой юбілей. Упершыню кніжкіны імяніны адзначаліся ў г. Маскве ў далёкім ваенным 1943 годзе. Гэта цудоўнае свята для дзяцей, чые бацькі змагаліся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, прыдумаў дзіцячы пісьменнік Леў Касіль.
23 сакавіка ў СШ №2 адбылося святочнае адкрыццё Тыдня дзіцячай кнігі. Мерапрыемства прызначалася для вучняў малодшых класаў. Любімыя дзецьмі літаратурныя героі Чытайка, Знайка, Бураціна, Дзюймовачка, Нязнайка, Пятрушка, Чыпаліна, у ролі якіх выступалі Уладзіслаў Караткоў, Валянцін Лявонаў, Максім Лясовіч, Дар’я Блізняцова, Кацярына Юркевіч, Дана Анісімовіч, Вячаслаў Ананіч прапанавалі школьнікам падарожжа ў краіну Чыталію. А адправіліся яны туды на паветраным шары, якім кіраваў практычны і рацыянальны Знайка. Падчас падарожжа вясёлыя і бадзёрыя казачныя героі праводзілі з гледачамі гульні, конкурсы, віктарыны. А школьнікі дэманстравалі сваю эрудыцыю, творчыя здольнасці, веды па правілах зносін з кнігай. Так яскрава, цікава і пазнавальна дзеці яшчэ раз упэўніліся, што ў нашым камп’ютарным жыцці кніга па-ранейшаму застаецца лепшым сябрам. А на варце такога патрэбнага сяброўства заўсёды стаіць бібліятэкар, які дапаможа ажыццявіць любое падарожжа і па любой кнізе.
Алена Пятушка.
Фота аўтара.