Паслугі першай неабходнасці

Главное

Камбінатам бытавога абслугоўвання насельніцтва вельмі няпроста сёння ў плане эканамічнай самадастатковасці. Ёсць таму аб’ектыўныя і суб’ектыўныя прычыны. Ужо не адзін дзясятак гадоў раённы камбінат бытавога абслугоўвання ва ўмовах сучаснай канкурэнцыі працуе на карысць сабе і на задавальненне патрэб людзей. Тым не менш даведзены план па аказанні бытавых паслуг насельніцтву за мінулы год выкананы, аб’ём іх склаў 773,3 млн. рублёў, з іх на суму 447,7 млн. — сельскім жыхарам.
Калектыў бытавікоў аказвае шэраг розных паслуг, але не ўсе з іх з’яўляюцца самаакупнымі. Выгадна ў гэтым сэнсе вылучаюцца паслугі па рамонце абутку, адзення, індпашыве, пральні, цырульні. Хоць і зарплата ў іх ніжэй, чым сярэдняя па раёне, у «бытоўцы» засталося шмат людзей, адданых сваёй справе.
У РКБА працуе лепшы майстар-абутнік Іван Бальс. Неаднаразова гэта званне Іван Уладзіслававіч пацвярджаў на конкурсах прафесійнага майстэрства, а сёлета яго імя занесена на Дошку гонару абласнога ўпраўлення бытавога абслугоўвання.
Звыш 30 гадоў якасна і хутка выконвае сваю работу закройшчыца мужчынскага і жаночага адзення Наталля Раковіч (на здымку). Высакакласны спецыяліст, яна адмыслова шые як лёгкае, так і верхняе адзенне. Н.Раковіч — добрая швачка, якой падуладна выкананне любога заказу. Жанчына валодае адметным густам, мае дызайнерскія здольнасці , з павагай ставіцца да сваіх заказчыкаў. За сваю сумленную і шчырую працу ўзнагароджана шматлікімі граматамі, нагрудным знакам «Выдатнік бытавога абслугоўвання».
На выкананні заказа мяккай дзіцячай цацкі мінскай фірмы «Чароўны востраў» заняты работніцы цэха масавага пашыву. Дастаткова цесна працуе цэх з шэрагам абласных, раённых прадпрыемстваў і арганізацый, па заказе якіх шые рабочае і спецадзенне, пасцельную бялізну. Шыюць у цэху на рэалізацыю таксама ручнікі, халаты і кашулі, выконваюць спецзаказы для людзей з «нестандартнымі» памерамі. У мінулым годзе для больш якаснай работы набыта абсталяванне на суму 6 млн. рублёў. Усе работніцы цэха — майстры сваёй справы. А лепшымі ў калектыве, па словах дырэктара Яўгена Кірылава, з’яўляюцца А. Дастанка, Р. Пупіна, Я. Цітовіч, М. Лейша, В. Папакуль. Брак у рабоце для гэтых швачак — справа недапушчальная.
Нягледзячы на канкурэнцыю, запатрабаваны і паслугі цырульні камбіната. Дарэчы, не толькі таму, што тарыфы на іх выгадна адрозніваюцца ад прыватных майстэрань. Там працуюць прафесійныя творчыя спецыялісты, здольныя задаволіць густ самых капрызлівых кліентаў.
Не прастойвае без справы пральня, як для мыцця бялізны, так і для яе прасавання. Яе аператар пральні Ала Гайдэль, якая за сваю сумленную працу ўзнагароджана Ганаровай граматай абласнога ўпраўлення бытавога абслугоўвання, якасна памые і адпрасуе бялізну ўсім жадаючым. Акрамя жыхароў раёна і гаспадароў аграсядзіб, паслугамі пральні карыстаюцца таксама многія прадпрыемствы і арганізацыі.
Сярод комплексных прыёмных пунктаў РКБА вылучаецца Ахрэмаўскі. Лепшым па аказанні паслуг насельніцтву ён прызнаны дзякуючы руплівай высокакваліфікаванай працы швачкі Г. Шакур і цырульніцы Н. Неверковіч.
Так, нягледзячы на наяўнасць шматлікіх прыватных майстэрняў, дзяржаўная структура застаецца запатрабавальнай у насельніцтва, асабліва сельскага.
У нядзелю работнікі галіны бытавога абслугоўвання адзначаць сваё прафесійнае свята. Хочацца пажадаць ім поспехаў у працы і шмат кліентаў.

Алена Пятушка.