З пашпартам у дарослае жыццё

Новости

У пятніцу, 15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у краіне, у тым ліку і ў нашым раёне, ладзіліся разнастайныя мерапрыемствы. Але галоўнае сярод іх – уручэнне пашпартоў, якое штогод праходзіць у рамках рэспубліканскай акцыі БРСМ “Мы – грамадзяне Беларусі”.
Па добрай традыцыі ў гэты дзень юных браслаўчан запрасілі ў РДК, дзе ім быў уручаны галоўны дакумент кожнага грамадзяніна краіны – пашпарт. Тут толькі самыя лепшыя маладыя хлопцы і дзяўчаты, якія праявілі сябе ў вучобе, культурным жыцці школ, актывісты БРСМ, пераможцы прадметных алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў, фестываляў і конкурсаў. А падтрымаць іх у гэты хвалюючы момант прыйшлі настаўнікі і сябры.
Першай з Днём Канстытуцыі ўдзельнікаў урачыстасці павіншавала старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская. Звяртаючыся да маладых браслаўчан, яна зазначыла: «Вы становіцеся паўнапраўнымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь. Перад вамі адкрыюцца ўсе жыццёвыя дарогі, якія вы выберыце. Быць грамадзянінам Рэспублікі Беларусь вельмі ганарова, і я не сумняваюся, што вы будзеце дастойна несці гэта званне. Віншую вас са знамянальнай падзеяй у жыцці, жадаю моцнага здароўя, шчасця, удачы».
Пад гучныя апладысменты старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская і начальнік аддзела па грамадзянстве і міграцыі Браслаўскага РАУС Юлія Гарунова ўручылі маладым людзям пашпарты і кнігі “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”. А потым хлопцы і дзяўчаты прамовілі клятву маладога грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.
З нагоды важнай падзеі ў іх жыцці свае віншаванні юнакам і дзяўчатам выказалі старшыні раённага савета ветэранаў Іван Цялежнікаў, грамадскага аб’яднання “Веды” Вольга Ляснеўская і БРСМ Марыя Сяліцкая.
Гэты дзень назаўсёды застанецца ў памяці юных браслаўчан не толькі як яскравы момант уручэння ім пашпартоў грамадзян Рэспублікі Беларусь, але і як невычэрпны зарад пазітыву, атрыманага ад мноства цёплых слоў.
Пасля афіцыйнай часткі па добрай традыцыі прайшоў фінальны этап конкурсу “Песні юнацтва нашых бацькоў”. Дзевяць навучэнцаў устаноў адукацыі раёна павінны былі прадэманстраваць высокі ўзровень выканаўчага майстэрства, артыстычнасць і пакарыць журы.
Перад маладымі выканаўцамі была пастаўлена нялёгкая задача, якая заключалася не толькі ў тым, каб прадэманстраваць сваё вакальныя здольнасці, але і перадаць той непаўторны каларыт песень, якія былі папулярныя ў гады юнацтва нашых бацькоў і праз шмат гадоў вядомыя і любімыя многімі. Цікава было слухаць, як маладыя людзі па-новаму спявалі такія вядомыя мелодыі як “Кацюша”, “Аганёк”, “Па над белым пухам вішань”. Вясёлыя і лірычныя, патрыятычныя і ваенныя песні гучалі ў выкананні маладых людзей, кожны з якіх імкнуўся перадаць настрой выбранай песні і паказаць свой талент.
Вызначыцца журы з пераможцамі было складана, аднак усё ж такі выбар быў зроблены. Трэцяе месца заняла Іна Сідарук з СШ №1, другой стала вучаніца Відзаўскай школы Настасся Кандрац’ева, а перамогу вучаніцы СШ №2 Але Камінскай прынесла песня “Любоў і радасць Беларусь”.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.