На подыуме — маладосць і крэатыў

Главное

З шасці маладых, стыльных, крэатыўных браслаўчан Аляксандра Яроцкага, Улада Мацешы, Яўгена Пятровіча, Дзмітрыя Максімава, Анатоля Умпіровіча і Паўла Мацкевіча ў мінулую нядзелю трэба было выбраць “Містэра Браслава – 2013”. Згадзіцеся, званне многага варта і зрабіць гэта было не проста.
Удзельнікі шоу-праграмы ў розных конкурсах дэманстравалі свае таленты і здольнасці. Аднак напачатку хочацца расказаць пра кожнага з іх.
Мерапрыемства сабрала розных па ўзросце і прафесіях людзей. У прыватнасці, Улад Мацеша – самы малады, цяпер працуе ў Доме культуры, вучыцца на рэжысёра. Марыць стаць, па яго ўласным прызнанні, прафесіянальным спеваком.
Увесь свой вольны час прысвячае спорту і тром кошкам. Праўда, хочацца запытацца ва Улада, ці кожная яго дзяўчына пажадае даглядаць гэтыя тры кошкі?
Аляксандр Яроцкі працуе ў райаддзеле па надзвычайных сітуацыях, і выбраў гэту прафесію таму, што ўпэўнены, хто, калі не ён дапаможа чалавеку, які трапіў у бяду, то хто? У дзяўчатах ён цэніць адданасць. А прыйшоў у шоу “Містэр Браслава”, бо жадае сабе і іншым даказаць, што гатовы не толькі ў агонь і ваду, але і на сцэну. Не зразумела, што цяжэй.
Анатоль Умпіровіч пры росце 201 см і вазе 105 кг вельмі ранімы і спагадлівы чалавек. У СШ №1 працуе настаўнікам фізічнай культуры. У іншым амплуа сябе не бачыць. Любіць смачна паесці і сярод дзяўчат аддае перавагу тым, хто добра гатуе. Марыць адпачыць з каханай у Дубаі і пагуляць з шэйхам у гольф. А хто ж пра гэта не марыць?
Дзмітрый Максімаў пры сваёй вазе ў 120 кг вельмі любіць танцы і гатовы даць быў фору любому харэографу, праўда, на гэтым шоу ў яго гэта не атрымалася.
Сэнс жыцця Дзмітрыя — спорт, спорт і яшчэ раз спорт. Аднак, дзяўчаты, ці патрэбны нам такія апантаныя спартсмены?
Для Паўла Мацкевіча прызванне – абараняць граніцу. Ён вельмі ўмее цаніць дружбу і лічыць, што сапраўдных сяброў павінна быць не 20 – 30, а 1 – 2. Павел верыць, што сучаснай моладзі не хапае патрыятызму.
Яўген Пятровіч у СШ №1 працуе настаўнікам інфарматыкі, захапляецца спортам, бодзібілдынгам, армрэслінгам. Мае адну шкодную звычку – хуткую язду на аўтамабілі. Шчыра кажучы, яму пашанцавала, што на святочным мерапрыемстве не прысутнічалі супрацоўнікі ДАІ.
І вось мы пазнаёміліся з усімі ўдзельнікамі шоу-праграмы, а у конкурсах гледачы мелі магчымасць даведацца пра іх больш падрабязна і вызначыць разам з журы, якое ўзначальваў старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў, хто дастойны звання “Містэра Браслава”.
Прадстаўленні любімага персанажу з вядомага кінафільма, спатрэбіўся не толькі паказ яго ролі, але ўкладанне ў гэтую ролю душы, энергетыкі, а таксама дэманстрацыя выразнага мыслення ў неардынарных сітуацыях.

Спадабаліся конкурсы “Спартыўны”, “Джунглі” і, вядома ж,”Лазня” бо дзе яшчэ сапраўднага мужчыну ўбачыш ва ўсёй яго прыгажосці. Падалося, што шоу-праграма яшчэ раз пацвердзіла, што маладое пакаленне выбірае спорт і здаровы лад жыцця. І гэта вельмі прыемна.

Што яшчэ ўразіла? Незвычайная нумарацыя ўдзельнікаў конкурсу. Яны выступалі не пад нумарамі адзін, два, тры…, а 999, 69, чамусьці пры колькасці канкурсантаў – шэсць, — 11 і г.д.
Пераважалі дзявяткі, шасцёркі і адзінкі. Магчыма, гэта нейкія магічныя лічбы, але яны прынеслі непаўторныя ўражанні ўсім удзельнікам шоу-праграмы і гледачам.
А яшчэ хочацца адзначыць неардынарныя падыходы да работы і правядзення такіх масавых мерапрыемстваў работнікаў культуры, у прыватнасці, рэжысёра Яўгена Набеева.
Конкурс, які праходзіць з году ў год, кожны раз набывае адметны адбітак і свае неардынарныя ўласцівасці.
“Містэрам Браслава – 2013” стаў Аляксандр Яроцкі. Выратавальнік з паважаным тытулам “містэра”. Выканаўчыя і творчыя таленты Улада Мацешы журы ацаніла ў намінацыі “Малады талент”, тым больш, што Улад быў самым маладым удзельнікам конкурсу. “Містэрам спорту” назвалі Яўгена Пятровіча, “Містэрам абаянне” — Дзмітрыя Максімава, “Містэрам крэатыў” — Анатоля Умпіровіча і “Містэрам стыль” – Паўла Мацкевіча. Усім ім уручыў падарункі і дыпломы старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў, які таксама зазначыў, што такія культурныя мерапрыемствы, якія ладзяцца на раённым узроўні, з кожным годам набываюць усё большую папулярнасць і прывабліваюць заўсёды шмат гледачоў. Таму спыняцца на дасягнутым не варта.
Наперадзе ў хлопцаў сямейнае жыццё. А яно расставіць усе кропкі над “і”.

Тэкст і фота
Зінаіды Палулех.