І на варце гэтага багацця ў нашым раёне стаіць землеўпарадкавальная служба райвыканкама. Яна адна з самых невялікіх, усяго 11 чалавек. Іх галоўная задача – дзяржаўнае рэгуляванне ў галіне зямельных адносін, аховы і эфектыўнага выкарыстання зямель на тэрыторыі Браслаўшчыны. Пра сённяшнія справы землеўпарадкавальнай службы гутарка з яе начальнікам Таццянай Севасцьянавай карэспандэнта газеты Таццяны Пятушкі.
– Таццяна Мікалаеўна, як часта звяртаюцца ў вашу службу і якія пытанні самыя распаўсюджаныя?
– Спраў сапраўды хапае, бо амаль усё, што звязана з зямлёй, – у нашай кампетэнцыі. Нашы супрацоўнікі вядуць кантроль за правядзеннем і якасцю землеўпарадкавальных работ, займаюцца матэрыяламі па адабранні і выдзяленні зямельных участкаў. Таксама мы ўдзельнічаем у выяўленні нявыкарыстаных і нерацыянальна выкарыстоўваемых зямель, разглядаем заявы і звароты грамадзян. І гэта толькі невялікая частка таго, чым мы займаемся.
Часцей за ўсё да нас звяртаюцца для таго, каб атрымаць зямельныя ўчасткі для будаўніцтва новага жылля, вядзення ўласнай падсобнай гаспадаркі, а таксама каб устанавіць межы зямельных участкаў. Зваротаў шмат, за мінулы год нашай службай падрыхтаваны 1264 праекты рашэнняў райвыканкама па адабранні і выдзяленні зямель, спыненні правоў на іх і іншае.
– Вы адзначылі, што землеўпарадкавальная служба сочыць за тым, як выкарыстоўваюцца і ахоўваюцца землі.
– Сапраўды, гэта ў нашай кампетэнцыі. Набліжаецца вясна, і не лішнім будзе нагадаць землеўладальнікам і землекарыстальнікам, што згодна з Кодэксам РБ аб зямлі ў іх таксама ёсць абавязкі. Зямлю, якая выдзелена ім, яны павінны добраўпарадкоўваць, эфектыўна выкарыстоўваць, абараняць ад эрозіі, падтаплення, забалочвання, забруджвання адыходамі, ад іншых шкодных уздзеянняў. Таксама землекарыстальнікі сельскагаспадарчых зямель не павінны дапускаць зарастанне іх пустазельнай расліннасцю, праводзіць біялагічную рэкультывацыю дэградзіраваных зямель, калі немагчыма вярнуць іх першасны выгляд.
Калі ж заканадаўства парушаецца, даводзіцца звяртацца да Кодэкса РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях. У ім прапісана, што за падобныя парушэнні магчыма налажэнне штрафу ў памеры да 20 БВ, на індывідуальнага прадпрымальніка – да 100 БВ, на юрыдычную асобу – да 300 БВ.
– І даволі часта бываюць выпадкі, калі заканадаўства парушаецца?
– Толькі за мінулы год у раёне было выяўлена 40 парушэнняў зямельнага заканадаўства фізічнымі і юрыдычнымі асобамі. Складзена 19 пастаноў аб налажэнні штрафу на фізічных асоб за невыкарыстанне зямельнага ўчастка ў вызначаны заканадаўчымі актамі тэрмін, 14 – за невыкананне іншых патрабаванняў па ахове зямель. Штрафы атрымалі і юрыдычныя асобы за тое, што не выкарыстоўвалі зямельныя ўчасткі ў вызначаны заканадаўчымі актамі тэрмін ці самавольна іх займалі. Але прыемна адзначыць, што на канец года амаль усе парушэнні былі выпраўлены.
– Важным момантам для раёна з’яўляецца фарміраванне зямельных участкаў з наступным прадастаўленнем іх на ўмовах аўкцыёну. Што гэта за ўчасткі.
– Гэта ў асноўным прыцягальныя зямельныя ўчасткі каля азёр. Продаж іх дазваляе папоўніць казну мясцовых выканкамаў. Зараз на тэрыторыі нашага раёна вызначаны 83 сельскія населеныя пункты і г. Браслаў, дзе зямельныя ўчасткі для ўсіх катэгорый землекарыстальнікаў, акрамя грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў прадастаўляюцца з аўкцыёну.
Ад іх рэалізацыі ў мясцовыя выканкамы ў 2012 годзе паступіла 390 512 977 рублёў. На дадзены момант падрыхтаваны дакументы на 6 зямельных участкаў па правядзенні аўкцыёнаў па продажу ў прыватную ўласнасць грамадзянам для будаўніцтва і абслугоўвання жылых дамоў і на 1 участак па продажы права на заключэння дагавора арэнды для юрыдычных асоб.
— Дзякуй за гутарку.