Тэатр – яго жыццё

Главное

У кожнага да выбару прафесіі свой шлях. Часам бывае дзіцячая мара настолькі захапляе чалавека, што пераўтвараецца ў справу ўсяго жыцця. Так адбылося і з рэжысёрам Народнага тэатра Браслаўскага РДК Яўгенам Набеевым. Аднойчы, яшчэ маленькім хлопчыкам, ён трапіў на спектакль. Сцэна, атмасфера і ігра акцёраў настолькі захапілі яго, што ён паабяцаў сабе: буду рэжысёрам.
Да сваёй мары Яўген ішоў мэтанакіравана. Самастойна вясковы хлопец падрыхтаваўся да паступлення, добра вучыўся. Сваё абяцанне ён выканаў, атрымаў прафесію рэжысёра народнага тэатра.
Пасля вучобы Яўген вярнуўся на Браслаўшчыну, дзе яму прапанавалі пасаду рэжысёра Народнага тэатра ў РДК. І ён адразу пачаў пераўтвараць свае ідэі ў жыццё. Аб’яднаў такіх жа, як сам, маладых і таленавітых людзей з розных арганізацый у Народны тэатр, стаў актыўна рыхтаваць рэпертуар, праводзіць рэпетыцыі. Сам прадумваў музычнае, светлавое, мастацкае афармленне. І праз 4 месяцы паказаў першую п’есу. Усяго ж за час работы ён паставіў 9 спектакляў на розную тэматыку, зараз рыхтуе 10-ы. Ён даў другое жыццё самаму стламу ў вобласці Народнаму тэатру.
На гэтым Яўген не спыніўся. З дзяцінства яму падабаліся пастаноўкі клоўнаў і шоу Славы Палуніна. І ў 2007 ён стварыў у Браславе свой тэатр мініяцюр, які назваў “Покер”. За крыху больш чым 5 гадоў калектыў неаднойчы ўдзельнічаў у абласным фестывалі гумару “Смяяцца не грэх”, адкуль вяртаўся з прызавымі месцамі, у шоу “Вялікая розніца”, рэспубліканскім фестывалі гумару, стаў папулярны не толькі ў Браславе, але і за яго межамі. У Мінску, Гродне, Даўгаўпілсе, Зарасаі ўжо па праву ацанілі калектыў.
Усе ідэі для мініяцюр “Покера” Яўген бярэ з жыцця сяброў, знаёмых, а потым умела паказвае іх на сцэне. У мінулым годзе калектыў і яго кіраўнік атрымалі дыплом райвыканкама як лепшы калектыў мастацкай самадзейнасці. А ў лістападзе зноў новае прызнанне: “Покеру” прысвоілі званне Народнага калектыву.
Вольных хвілін у Яўгена нямнога, ён не толькі рэжысёр, але і пастаянны ўдзельнік і вядучы розных шоу-праграм і мерапрыемстваў у РДК. Падчас падрыхтоўкі чарговага спектакля даводзіцца і па 16 гадзін працаваць. Але гэта яго любімая работа, таму ён не скардзіцца. Яўген жа марыць пра тое, каб стварыць у Браславе свой фестываль гумарыстаў і адкрыць тэатральны клас для маленькіх, бо тэатр – яго жыццё.

Таццяна Пятушка.