Прайшоў год, як у лютым пачало дзейнічаць пагадненне паміж Рэспублікай Беларусь і Латвіяй аб спрошчаным парадку перасячэння мяжы
На мінулым тыдні ў другі раз у Браслаўскім раёне праходзіў каардынацыйны савет па абмеркаванні пытанняў малога прыгранічнага руху. На яго сабраліся прадстаўнікі пагранічнага камітэта, УУС Віцебскага аблвыканкама, РАУС, райвыканкама і мясцовага камітэта дзяржаўнай бяспекі. Калі на першым савеце размова больш ішла як зрабіць малы прыгранічны рух больш зручным для людзей і ў той жа час не дапусціць нелегальную міграцыю і незаконны перавоз тавараў, то сёлета абаронцы дзяржаўнай бяспекі ў асноўным абменьваліся вопытам.
Як паведамілі прадстаўнікі пагранкамітэта, за 10 месяцаў 2012 года мяжу ў спрошчаным парадку перасеклі больш за 8100 жыхароў Латвіі і каля 100 Беларусі. Адпаведна колькасць перасячэнняў склала 73977 і 500 разоў.
Бачна, што латышы часцей карыстаюцца такой магчымасцю. Сярод беларусаў асноўную частку пасажырапатоку складаюць прадпрымальнікі і пенсіянеры, радзей служачыя. Мінулы год для арганізацыі малога прыгранічнага руху быў больш пробным, шмат часу пайшло на складанне і зацвярджэнне спісаў. У гэтым годзе колькасць перасячэнняў мяжы можа павялічыцца.
На мінулагодняй сустрэчы абаронцы дзяржаўнай бяспекі апасаліся, што МПР можа прывесці да парушэння 50-ікіламетровай зоны. Але на сёлетняй нарадзе, яны канстатавалі, што такія выпадкі – адзінкі. Гэта не значыць, што няма кантролю, наадварот, ён даволі жорсткі і з боку пагранічнікаў, і міліцыі. Дарэчы, УУС Віцебскага аблвыканкама неаднойчы праводзіла рэйды і правярала машыны. За час праверкі ні адзін замежны грамадзянін не выехаў далей за абмежаваную тэрыторыю. Людзі разумеюць: закон лепш не парушаць, тым больш у пагадненні прапісана, што жыхары адной дзяржавы павінны выконваць заканадаўства дзяржавы той, у якой знаходзяцца. У выпадку парушэнняў правіл МПР людзі губляюць магчымасць ім карыстацца, могуць узнікнуць праблемы з атрыманнем візы.
Таму і не спрабуюць беларусы і латышы нелегальна ўвозіць у Латвію тавары беларускай вытворчасці і вывозіць адтуль больш нормы іх рэчы. Калі і бываюць такія выпадкі, то вельмі рэдка. Не парушаюць людзі і сумарны тэрмін знаходжання на прыгранічнай тэрыторыі другой дзяржавы, 90 дзён на працягу 6 месяцаў.
Супрацоўнікі міліцыі і пагранічнікі на савеце адзначылі, што праблем па арганізацыі прыгранічнага руху ў іх амаль не ўзнікала. Яны таксама абмеркавалі спецыфічныя моманты ўзаемадзеяння, дамовіліся кантраляваць выкананне пагаднення яшчэ мацней і падзякавалі за супрацоўніцтва органам мясцовай улады.