Калегі па рабоце – сябры па жыцці

Главное

Браслаўскі РАУС заўсёды трымаўся на адказных і адданых справе людзях. У апошні час зладжаны калектыў стаў маладзець, з’явіліся новыя супрацоўнікі, якія працягваюць лепшыя міліцэйскія традыцыі і абараняюць спакой жыхароў нашага раёна. Сярод дастойных маладых супрацоўнікаў у аддзеле ўнутраных спраў вызначаюць Вадзіма Балтунова і Яўгена Круміна (на здымку).
Хлопцы такія непадобныя, але ў той жа час іх яднае шмат агульнага, у тым ліку любоў да абранай прафесіі. Для іх быць міліцыянерам – гэта быць прафесіянальным, прынцыповым і сумленным чалавекам, гатовым у любую хвіліну прыйсці на дапамогу.
Вадзім і Яўген – аднагодкі, на службу ў РАУС іх прывялі розныя шляхі, але амаль адразу хлопцы сталі не толькі калегамі, але і сябрамі.
На выбар Яўгена паўплывала служба ў арміі, менавіта там ён вырашыў, што далейшы лёс жадае звязаць з міліцыяй. У 2008 годзе ён скончыў Магілёўскі каледж МУС і вярнуўся на Браслаўшчыну. У РАУС яму прапанавалі пасаду ўчастковага інспектара з зонай абслугоўвання Друйскага і Далёкаўскага сельсаветаў. А гэта дзясяткі вёсак на вялізнай тэрыторыі. І ў кожную трэба было зазірнуць, даведацца, як справы, ці не здарылася што. Толькі па гэтым факце можна меркаваць, які “лёгкі хлеб” ва ўчастковага. Але Яўген за 4 гады на пасадзе ніколі не паскардзіўся, бо разумеў што “служба дні і ночы” патрабуе прафесіяналізму, вытрымкі, прынцыповасці і чуласці. І калі чуеш словы падзякі ў свой адрас, хочацца рабіць яшчэ больш.
У мінулым годзе Яўгену прапанавалі новую пасаду: зараз ён оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку. І за гэты кароткі час ужо паспеў, па словах начальства, праявіць службовыя здольнасці. Сам жа Яўген падкрэслівае, што ў крымінальным вышуку немагчыма працаваць у адзіночку, толькі ў складзе дружнай каманды. Менавіта яна і дапамагла яму ў прафесійным росце.
Вадзім у прафесію прыйшоў іншым шляхам. Перад вачамі ў яго быў выдатны прыклад дзядзькі, які служыў у міліцыі і на якога хацелася раўняцца. Але спачатку хлопец паспрабаваў сябе ў іншых справах, пакуль не зразумеў, што яго прызванне – быць міліцыянерам. У 2009 годзе Вадзім завочна скончыў Акадэмію МУС і вось ужо чацвёрты год працуе ўчастковым інспектарам на тэрыторыях Опсаўскага і Далёкаўскага сельсаветаў. Зона абслугоўвання – адна з самых вялікіх, але дзякуючы адданай службе ўчастковага ў апошнія гады тут значна знізіўся ўзровень злачыннасці. Вадзіму падабаецца мець зносіны з насельніцтвам, дапамагаць у вырашэнні іх праблем. Безумоўна, ёсць і “трывожны” кантынгент, за якім патрэбны асаблівы нагляд, гэта п’яніцы, ненадзейныя сем’і, у дамах якіх ён бывае часта. Трымаць, так сказаць, абстаноўку пад кантролем дапамагае ўчастковаму і добра наладжаныя сувязі са старшынямі сельсаветаў, з кіраўнікамі СВК “Маяк Браслаўскі” і ААТ “Бярозавы край”.
Вадзім і Яўген прызнаюцца, што хоць служба ў міліцыі зусім не простая, але ў той жа час цікавая, бо жыццё само не дае тут сядзець на адным месцы, падкідвае ўсё новыя і новыя праблемы, якія вырашыць трэба неадкладна.
Спраўляцца з усімі цяжкасцямі ў іх атрымліваецца выдатна, адзначае кіраўніцтва РАУС. За сваю працу Яўген узнагароджаны дзвюма граматамі, а Вадзім – медалём “За самаадданую службу” 2 ступені.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.