Бібліятэка запрашала ў свой чароўны свет

Главное

Кожны месяц нашы супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі арганізуюць і праводзяць шмат розных мерапрыемстваў для сваіх юных наведвальнікаў. Не быў выключэннем і люты, асабліва яго апошнія дні.
Так, цікава і змястоўна прайшла сустрэча членаў экалагічнага клуба “Юныя сябры прыроды” са спецыялістам райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктарам Куелем. Ён паказаў падлеткам электронную прэзентацыю на тэму “Уздзеянне чалавека на навакольнае асяроддзе”, пры гэтым акцэнтаваў увагу на экалагічных праблемах Браслаўшчыны і на мерах, неабходных для захавання ўнікальнасці і чысціні азёрнага краю. А потым прапанаваў членам клуба выказаць сваё меркаванне, як на іх погляд магчыма павысіць экалагічную культуру як дарослых, так і дзяцей. Работнікі ж бібліятэкі падрыхтавалі для дзяцей інфармацыйныя лістоўкі “Экалагічныя праблемы Беларусі”, якія яны змогуць выкарыстоўваць у вучэбным працэсе.
Таксама напрыканцы лютага ў дзіцячай бібліятэцы прайшло яшчэ адно мерапрыемства, арганізаванае для дзяцей старэйшага ўзросту. Падчас інфармацыйнай гадзіны “Бібліятэкар будучага” яны пазнаёміліся з гэтай прафесіяй, паглядзелі, чым ён займаецца, у якіх умовах працуе. А мультымедыйная прэзентацыя дала магчымасць віртуальна наведаць Універсітэт культуры і мастацтва, даведацца пра спецыяльнасці, якія тут можна атрымаць, пабываць у студэнцкім інтэрнаце, бібліятэцы, вучэбных пакоях.
А нядаўна ў чытальнай зале была аформлена ілюстраваная выстаўка “Дзіцячыя часопісы выдавецтва “Пачатковая школа”, на якой прадстаўлены развіваючыя, пазнавальна-гульнявыя часопісы з аўдыёдадаткам для дзяцей ад 4 да 16 гадоў. Яны знаёмяць з краінамі і народамі, жывёламі і раслінамі, навукай і тэхнікай, светам камп’ютараў і будуць цікавы для ўсёй сям’і.

Галіна Мацеша,
загадчыца Браслаўскай дзіцячай бібліятэкі.