Мінулы год быў насычаны культурнымі падзеямі розных узроўняў, удзелам у міжнародных, рэспубліканскіх, абласных святах, конкурсах, фестывалях. Па выніках работы ў 2012 годзе ў галіне культуры выкананы практычна ўсе даведзеныя паказчыкі, дзякуючы чаму браслаўскі аддзел займае другое месца ў рэйтынгу сярод аддзелаў культуры Віцебскай вобласці. Тут улічваліся ўзровень сярэдняй заработнай платы, платныя паслугі, мэтавы паказчык па энергазберажэнні, колькасныя паказчыкі музейнага аб’яднання, цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы, устаноў клубнага тыпу.
Таму пры падвядзенні вынікаў сваёй работы за мінулы год работнікам культуры было што абмеркаваць, прааналізаваць свае поспехі, недапрацоўкі і вызначыцца з задачамі на бягучы год.
Як зазначыла начальнік аддзела культуры райвыканкама Галіна Караткова, 2012 год для іх галіны быў у нейкім сэнсе і годам пераўтварэнняў. Ахрэмаўская, Друеўская і Казянская дзіцячыя школы мастацтваў сталі філіяламі Браслаўскай і Відзаўскай ДШМ. У раёне прайшоў эксперымент па стварэнні інтэгрыраваных бібліятэк на базе Далёкаўскай і Мяжанскай публічных бібліятэк ЦБС.
Адным з асноўных паказчыкаў работы ўстаноў культуры, па словах Г. Каратковай, з’яўляецца аказанне платных паслуг насельніцтву. Ад іх зарабілі летась амаль 893 млн. руб., што склала 195% да ўзроўню 2011 г. Гэта дазволіла заняць чацвёртае месца ў вобласці. Найлепшы паказчык па выкананні платных паслуг у музейнага аб’яднання. Добра папрацавалі ў гэтым накірунку Браслаўскі і Відзаўскі Дамы культуры, Ахрэмаўскі цэнтр нацыянальнай культуры, Слабодкаўскі этнаграфічны цэнтр і інш.
Падрабязна спынілася Г. Караткова і на рабоце клубных фарміраванняў. У 2012 годзе ва ўстановах культуры працавалі 211 гурткоў, калектываў, аматарскіх аб’яднання, былі створаны і 23 новыя.
Праведзена вельмі шмат самых розных мерапрыемстваў новых па форме. Гэта забаўляльныя праграмы, свята рыбака, конкурсныя праграмы, новая шоу-праграма “Бландзінкі супраць брунетак”. Калектывы мастацкай самадзейнасці раёна прынялі ўдзел у шматлікіх міжнародных, рэспубліканскіх і абласных мерапрыемствах і конкурсах, адкуль вярталіся з узнагародамі. Шырокая геаграфія выступленняў на розных сцэнічных пляцоўках – Латвія, Літва, Гродна, Віцебск, Мінск, Полацк, Паставы, Гарадок і г.д.
Па выніках 2012 года Відзаўскі ДК прызнаны лепшым сярод сельскіх устаноў культуры Віцебскай вобласці, Яўген Набееў – лепшым работнікам культуры раёна.
Напружаным і плённым быў мінулы год і для работнікаў бібліятэк. У Год кнігі яны правялі шэраг мерапрыемстваў па папулярызацыі беларускай кнігі, творчасці класікаў – юбіляраў Я. Коласа, Я. Купалы, М. Танка, актывізавалі камплектацыю кніжных фондаў, рэкламную і выдавецкую дзейнасць.
Не пуставалі і радавалі наведвальнікаў новымі выставамі і мерапрыемствамі гісторыка – краязнаўчы музей і музей традыцыйнай культуры. Найбольшую цікавасць у наведвальнікаў выклікалі такія выставы як “Музычныя інструменты Браслаўшчыны”, “З гісторыі яўрэйскай абшчыны”, “Калядныя ўзоры”, кірмашы, мерапрыемства “Ноч музеяў”, абрад “Вяселле ў млыне”. Загадчыца музея традыцыйнай культуры Э. Зінкевіч у 2012 годзе прызнана “Майстрам года” Віцебскай вобласці, а музей традыцыйнай культуры – пераможцам раённага спаборніцтва сярод гарадскіх устаноў культуры.
Аднак, як зазначыла Галіна Караткова, работнікам культуры ёсць яшчэ над чым працаваць, бо новы час дыктуе новыя задачы. Шмат належыць зрабіць па захаванні народных традыцый і фальклору, ахове гісторыка – культурных каштоўнасцей, умацаванні матэрыяльна – тэхнічнай базы, выкананні ўсіх даведзеных паказчыкаў, павышэнні якаснага ўзроўню ўсіх праводзімых мерапрыемстваў, беражлівасці энергарэсурсаў.
На сходзе прысутнічала намеснік старшыні райвыканкама Іна Лысенка. Падводзячы вынікі канструктыўнай размовы работнікаў культуры, яна падзякавала ўсім за плённую і творчую працу і пажадала і надалей радаваць гледачоў цікавымі праграмамі, талентам і рэалізоўваць усе новыя ідэі ў жыццё.
Напрыканцы начальнік аддзела культуры Галіна Караткова ўручыла Ганаровую грамату райвыканкама гукарэжысёру РДК Яўгену Нагманаву, удзячнасці аддзела культуры шэрагу лепшых работнікаў галіны.
Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.