Вясна не-не ды нагадвае пра свой прыход яркім сонейкам удзень, памяншэннем маразоў ноччу. Зіме давядзецца ўступіць ёй дарогу.
А вось аматарам зімовых відаў спорту прыйдзецца развітацца з лыжамі, санкамі. Сапраўднае закрыццё зімовага сезону наладзілі ў мінулую сераду для школьнікаў Юрый і Кацярына Шакелі і выкладчык фізічнай культуры са Слабодкаўскай школы Баляслаў Паніч. Яны запрасілі развітацца з лыжнёй усіх жадаючых. Праўда, удзел у заключных спаборніцтвах прынялі толькі хлопчыкі і дзяўчынкі з сельскіх школ – Слабодкаўскай, Ахрэмаўскай, Далёкаўскай, Опсаўскай, Чэрнеўскай, Кансталінскай, Дрысвяцкай, Опсаўскай і Урбанскай. Усяго ў чатырох узроставых групах спаборнічалі 36 чалавек. У кожнай групе вызначаліся па тры прызавыя месцы. Школьнікі атрымалі дыпломы і сувеніры, а яшчэ зарад бадзёрасці.
Пераможцамі ў розных узроставых групах сталі Вікторыя Адамёнак, Руслан Жукоўскі і Дзмітрый Буры са Слабодкасўкай СШ, Аляксей Голубеў – з Опсаўскай СШ.
Спецыяльны прыз атрымаў і самы маленькі ўдзельнік спаборніцтваў Глеб Скур’ят з СШ №1.
Тэкст і фота Зінаіды Палулех.