На возеры Дрывяты 23 лютага аддзел фізічнай культуры, спорту і турызму Браслаўскага раённага выканаўчага камітэта правёў асабіста-камандныя спаборніцтвы па спартыўным рыбалоўстве «Шчупаковы поспех». У іх прынялі ўдзел 5 каманд з арганізацый раёна, 2 каманды рыбаловаў-аматараў з Браслава і госці з Віцебску і Шаркаўшчыны.
Удзельнікі спаборніцтваў 6 гадзін выпрабоўвалі сваю фартуну на лёдзе, і ў выніку журы давялося доўга узважваць і вызначаць хто ж атрымае прызы. У гэты час для рыбакоў было арганізавана гарачае харчаванне на свежым паветры, кожны мог паласавацца духмянай юшкай. Пасля непрацяглай рады суддзі размеркавалі прызавыя месцы ў камандным заліку наступным чынам: першае месца заняла каманда ЖКГ, другое – браслаўскае райпо, а трэцяе ўзялі аматары з Шаркаўшчыны.
У асабістым заліку самы вялікі ўлоў выцягнуў Сяргей Павучонак з Шаркаўшчыны, агульнай вагой 6,455 кг, і ён жа злавіў найбольшую колькасць рыб (5 шт.), а самага буйнога шчупака вагой амаль 5 кілаграмаў пашчасціла вылавіць Аляксандру Ісачэнку, які выступаў за каманду райпа.
Сярод жанчын на спаборніцтвах вызначылася Таццяна Кавалёнак, якая атрымала прызы аж у трох намінацыях – за найбольшы ўлоў (3,64 кг), за самую маленькую рыбінку (6,3 см.), і як самая паспяховая рыбалоў-аматар.
Усе пераможцы былі ўзнагароджаны граматамі, кубкамі, атрымалі каштоўныя прызы ад аддзела фізічнай культуры.
Аддзел фізічнай культуры, спорту і турызму Браслаўскага райвыканкама дзякуе кіраўніцтву ТОЧДУП «Браслаўскія азёры» за дапамогу ў правядзенні і арганізацыі спаборніцтваў.
Галляш Сялява,
фота аўтара.