Шчырая размова

Новости

У адзіны дзень інфармавання насельніцтва, які праходзіў на мінулым тыдні, інфармацыйныя групы ў асноўным вялі гутарку пра вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў мінулым годзе. Адна з іх на чале са старшынёй райвыканкама Сяргеем Шматавым сустракалася з мясцовымі жыхарамі ў памяшканні Цяцеркаўскага сельвыканкама.
Сяргей Шматаў не стаў «загружаць» вяскоўцаў шматлікімі лічбамі, зазначыў толькі, што наш раён па колькасці выкананых паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця займае
5-е месца ў вобласці, што на агульным фоне выглядае, згадзіцеся, досыць няблага. І прапанаваў сялянам шчырую размову пра тое, што іх найбольш хвалюе. Пры гэтым, безумоўна, не мог абмінуць стан спраў у сельгасвытворчасці, бо ад гэтага залежыць зарплата сельскіх працаўнікоў, а значыць, і сямейны дабрабыт. А праблем у сельскай гаспадарцы нямала, раён не дасягнуў узроўню 2011 года па валавой вытворчасці сельгапрадукцыі. Зразумела, што на вынікі старанняў сельгасвытворцаў самым непасрэдным чынам уплывае «нябесная канцылярыя». Напрыклад, па разліках спецыялістаў, на карані стаяла ў мінулым годзе каля 60 тыс.т збожжавых, а сабралі крыху больш за 47 тыс. І такія страты можна спісаць не толькі на неспрыяльныя ўмовы надвор’я, але і на арганізацыю працы. «Напрыклад, у Францыі, — кажа старшыня райвыканкама, — збожжавыя паспяваюць сабраць за 3 дні, у нас жа барацьба за ўраджай расцягваецца на працяглы тэрмін.»
У жывёлагадоўлі таксама ёсць прыклады, калі даяркі атрымліваюць не 1200 тыс. руб. зарплаты, а 4,5 млн., а ўсё таму, што даюць прадукцыю.
Размова старшыні райвыканкама з жыхарамі в. Цяцеркі сапраўды атрымалася шчырай, яна не абмежавалася пытаннямі вытворчай дзейнасці.
Вяскоўцы без асаблівых прэтэнзій да дзейнасці органаў мясцовага самакіравання агучвалі пэўныя складанасці ў паўсядзённым жыцці, такія як патравы дзікімі жывёламі, стан дарог, забеспячэнне палівам, апрацоўка прысядзібных участкаў, цікавіліся і перспектывамі газіфікацыі.
Па кожным з пытанняў С. Шматаў нічога галаслоўна не абяцаў, а тлумачыў рэальную сітуацыю спраў.

Казімір Пятушка.