Як служыш, салдат?

Главное

Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл РБ, які адзначаецца 23 лютага, з цягам часу стаў сапраўдным святам не толькі для тых, хто ў розныя часы стаяў на варце бяспекі нашай краіны, але і для ўсіх мужчын. Але перш за ўсё яго адзначаюць тыя, хто сёння абараняе нашу краіну.
У радах войскаў пагранічных, унутраных сіл, спецыяльных аперацый, ваенна-паветраных сіл і супрацьпаветранай абароны сёння нясуць службу 120 браслаўскіх хлопцаў, 9 будучых салдат служаць у рэзерве. Юнакоў два разы ў год прызываюць на тэрміновую службу. А праз год ці паўтара яны вяртаюцца да дому мужнымі і смелымі мужчынамі.
На Браслаўшчыне будучыя салдаты праходзяць службу ў радах пагранічных войскаў. Яны трапляюць сюды такія розныя, кожны са сваім характарам, але за пэўны час іх у каманду аб’ядноўвае мяжа. У адзін з дзён я завітала ў аддзел пагранічнай службы “Опса”, каб на свае вочы ўбачыць, як праходзяць салдацкія будні.
Зараз тут служаць 12 хлопцаў з розных куткоў Беларусі, астатнія на іншых пастах і заставах раёна. Кожны дзень салдата не падобны на іншы: заняткі па страявой падрыхтоўцы, тактыцы, пагранічнае следапыцтва, унутраныя нарады, дзяжурства.
– За час службы ім давядзецца не толькі навучыцца ўсяму таму, што павінен ведаць кожны салдат, але і адпрацаваць гэта на практыцы. А дзе ж можа быць яе больш, як не на мяжы, – расказвае старшы афіцэр АПС “Опса” Абдулаеў Муса Нурадзін. – Салдаты амаль кожны тыдзень у складзе групы прымаюць удзел у затрыманнях парушальнікаў на сваёй і тэрыторыі іншых пастоў, а часам падчас агляду мяжы і самі сутыкаюцца з імі. І тут юнаку даводзіцца аператыўна прымаць рашэнне і хутка дзейнічаць. Часцей за ўсё даводзіцца спыняць незаконных нелегалаў, апошняе такое затрыманне, калі ў некалькіх кроках ад мяжы заўважылі грамадзян Грузіі, адбылося ў пачатку гэтага тыдня.
Утульная абстаноўка, цікавыя заняткі, добрыя адносіны кіраўніцтва да падначаленых, а што яшчэ трэба для добрай службы. Клапоцяцца тут і пра тое, каб салдату было чым заняцца ў вольны час. Сваімі сіламі сабралі вялікую бібліятэку, ладзяць канцэрты, спартыўныя спаборніцтвы, на якія запрашаюць школьнікаў, сумесна з БРСМ праводзяць дыскатэкі. Салдаты выязджаюць на экскурсіі, мерапрыемствы, удзельнічаюць у раённых спаборніцтвах. Калі трэба, дзверы кабінета псіхолага заўсёды адчынены. Так што служба салдат у АПС “Опса” цікавая і насычаная.
Сваіх салдат тут заахвочваюць. Калі хлопец вызначаецца падчас службы, затрымлівае парушальніка, яму даюць дадатковыя дні да водпуску, а бацькам накіроўваюць падзячнае пісьмо. І такіх станоўчых прыкладаў нясення службы шмат.
Вось і хлопцы Аляксандр Дубінскі і Дзмітрый Плігаўка, з якімі я паразмаўляла, толькі станоўча адгукаюцца пра службу. Абодва хлопца з Віцебска, служаць тут 15 месяцаў. Але прызнаюцца, што гэты час для іх праляцеў імгненна. Кожны дзень яны даведваюцца пра нешта новае. Не раз удзельнічалі ў затрыманнях парушальнікаў, самі іх лавілі. А Аляксандр і ўвогуле лічыцца адным з лепшых сяржантаў. Калі ў ваенкамаце прапанавалі выбраць войскі, у якіх будуць несці службу, доўга не думалі, бо даўно вырашылі, што пойдуць у пагранічнікі. У маі іх тэрмін службы закончыцца, яны вернуцца дадому, але сваіх сяброў, афіцэраў і свой аддзел не забудуць ніколі.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара