У цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва выпадковых людзей няма: працаваць з адзінокімі могуць толькі людзі цярплівыя, міласэрныя і шчодрыя душой.
Загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі дома Ала Калашнікава — вопытны супрацоўнік, 22 гады прысвяціла рабоце з пажылымі людзьмі, 11 з іх — на пасадзе загадчыцы. Педагог па адукацыі, яна па волі лёсу трапіла ў галіну абслугоўвання.
Вядома ж, спачатку былі свае цяжкасці, бо знайсці паразуменне з адзінокімі, часам «капрызнымі» бабулямі і дзядулямі вельмі складана. Старыя людзі, як дзеці, маюць патрэбу ў пастаяннай увазе і клопаце. Дзякуючы сваёй дабрыні, далікатнасці, цярплівасці, у хуткім часе А. Калашнікава навучылася ладзіць са сваімі падапечнымі. Ды так і засталася каля іх.
Штодня ёй даводзіцца выслухоўваць розныя праблемы састарэлых людзей, адзінокіх і інвалідаў, якім іншы раз усяго і патрабуецца , што выказаць камусьці свой боль. Яна ўмее ўважліва выслухаць, параіць, дапамагчы словам і справай.
Так жа шчыра і аддана выконвае Ала Чаславаўна свае абавязкі на пасадзе загадчыцы аддзялення. Яна валодае здольнасцю мудра кіраваць, патрабавальная да сябе і сваіх калег. У падначаленні яе знаходзяцца 118 сацыяльных работнікаў у 153 населеных пунктах. З кожным кіраўнік падтрымлівае цесную сувязь, дапамагае вырашаць праблемныя сітуацыі, разам выбіраюць метады і формы ўзаемаадносін з падапечнымі.
— На нас ляжыць абавязак не толькі выяўляць людзей, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай дапамозе, — тлумачыць А. Калашнікава. — Галоўнае ў нашай рабоце — ствараць умовы для максімальна магчымага знаходжання грамадзян сталага ўзросту ў іх родных хатах.
Добрасумленная, старанная і ветлівая Ала Чаславаўна стварае вакол сябе атмасферу добразычлівасці і паразумення. Забываючыся часам пра свае праблемы, дапамагае пажылым людзям не адчуваць дыскамфорт ад адзіноцтва і страты фізічнай актыўнасці.
Алена Пятушка.