Тытунёвыя патокі

Главное

Мінулы тыдзень выдаўся для полацкіх пагранічнікаў неспакойным. Спачатку праз мяжу спрабавалі перайсці некалькі груп каўказскіх нелегалаў, а потым актывізаваліся тытунёвыя кантрабандысты.
Аднаго з іх затрымалі ў пункце спрошчанага пропуску беларуска-латвійскай мяжы, калі грамадзянін Латвіі спрабаваў вярнуцца на радзіму. У спінках сядзенняў і пад абшыўкай свайго аўтамабіля ён прыхаваў 18 блокаў цыгарэт з беларускімі акцызамі. Для правядзення паглыбленага дагляду машына і канфіскаваны груз былі адпраўлены ў мытню.
А ноччу на чыгуначнай станцыі Полацк спынілі яшчэ адну спробу незаконнага перамяшчэння цыгарэт. У грузавым саставе “Полацк – Даўгаўпілс”, які адпраўляўся ў суседнюю Латвію, пагранічнікі ў чарговы раз сумесна з мытнікамі ў паўвагонах пад слоем вугалю знайшлі нелегальны груз. Ён быў старанна ўпакаваны ў чорныя пакеты. Калі ж іх адкрылі, знайшлі там 10 корабаў цыгарэт (5000 пачак). Зараз вядзецца пошук асоб, якія маюць дачыненне да гэтага парушэння.
Сума ацэнкі абодвух грузаў устанаўліваецца.

Дзяніс Глебка,
памочнік начальніка Полацкага пагранатрада па рабоце са СМІ.