Першы этап прайшоў на ўра

Главное

Традыцыйна, паспаборнічаць за званне лепшага ў раёне знаўца правілаў дарожнага руху вясной на злёт збіраюцца юныя інспектары дарожнага руху. Яны спаборнічаюць у веданні ПДР, аказанні першай меддапамогі пацярпеламу, фігурным ваджэнні веласіпеда.
У гэтым годзе правілы спаборніцтва крыху змяніліся. Зараз каманды будуць паэтапна праходзіць іспыты. Першым для іх на мінулым тыдні стаў конкурс агітацыйна-мастацкага прадстаўлення “Моладзь за бяспеку дарожнага руху”, які прайшоў на базе ЦДМ. Удзел у ім пажадалі прыняць 8 каманд ЮІДР.
– Конкурс прапагандаваў выкананне правілаў дарожнага руху, бяспеку паводзін на дарозе, дзейнасць атрадаў юных інспектараў дарожнага руху, – расказала дырэктар ЦДМ Ірына Угарэнка. – Кожнае 15-мінутнае выступленне каманд было насычана карыснай інфармацыяй, вылучалася арыгінальнасцю, фантазіяй дзяцей і іх кіраўнікоў. Журы даводзілася складана, бо ўсе ўдзельнікі выдатна праявілі сябе на першым этапе.
Праз песні, вершы, тэатралізаваныя пастаноўкі дзеці спрабавалі данесці да сваіх равеснікаў думку пра тое, што з самага маленькага ўзросту трэба вывучаць і выконваць правілы дарожнага руху. І адна справа, калі гэта гавораць настаўнікі ці супрацоўнікі ДАІ, і зусім іншая, калі табе нагадваюць пра гэта твае сябры.
Лепшыя ў конкурсе атрымалі дыпломы і дадатковыя балы, якія ім спатрэбяцца на наступных этапах. Першай стала каманда СШ №1, другой – зборная Ахрэмаўскай школы, а трэцімі – вучні з СШ №2.

Таццяна Пятушка.