Будаўнік па жыцці

Главное

Амаль 35 гадоў таму назад Іван Сцефановіч, каменшчык прыватнай унітарнай вытворчай гаспадарцы «Віталіч- буд», звязаў свой лёс з адной з самых старажытных і мірных прафесіяй на зямлі — будаўніка.
Іншай альтэрнатывы не бычыў, бо з падлеткавага ўзросту «прыкіпела» ў душы цікавасць да будаўніцтва, ды і зарплата ў галіне — салідная. Нават і не задумваўся пра іншы накірунак, а пасля заканчэння Кансталінскай школы пайшоў працаваць у МПМК — 19. Трапіў у брыгаду да Антона Лабуця, які аказаўся добрым настаўнікам. У свой час пры арганізацыі закончыў курсы каменшчыка, вопыт набываў на месцы.
Задача кожнага каменшчыка, здаецца, простая — вылажыць з цэглы сваю частку сцяны. Але колькі тонкасцей у гэтай спецыяльнасці! Цэгляны мур павінен быць роўным, швы — добра запоўнены растворам, ды і важным паказчыкам прафесіяналізму з’яўляецца чысціня рабочага месца і фасада.
Дзякуючы рукам І. Сцефановіча і яго таварышаў у нашым раёне вырасла шмат дамоў, у якіх нараджаюцца і вырастаюць дзеці, узведзены вытворчыя будынкі, дзе мы працуем, магазіны, дзе набываем сабе неабходныя рэчы, ежу…
— Працаваць нялёгка, — дзеліцца сваімі думкамі І. Сцефановіч, — але звычка — справа вялікая, таму і не ўяўляю ўжо іншага занятку. Ды і прыемна палюбавацца на вынік, на тое, што зроблена сваімі рукамі.
У «ліхія» дзевяностыя будаваць сталі менш, заробкі значна паменелі, трэба было шукаць выйсце. Так І. Сцефановіч уладкаваўся ў прыватную фірму, дзе працуе і сёння брыгадзірам. У яго абавязкі ўваходзіць не толькі азнаёміцца з фронтам работы і размеркаваць яе паміж 10-цю будаўнікамі, а, бадай галоўнае, стварыць і падтрымліваць добразычлівую атмасферу ў брыгадзе. Калі паміж супрацоўнікамі лад і згода, работа спорыцца, а значыць і заробкі радуюць. І наконт бягучасці кадраў у калектыве забыліся, кожны пры неабходнасці можа замяніць другога на любым месцы.
Гледзячы на прыгожага, высокага і статнага суразмоўцу, разумею, што акрамя жадання працаваць, патрэбна добрае здароўе, выдатная фізічная форма і вынослівасць, каб забяспечыць высокую вытворчасць работы пад адкрытым небам і ў спёку, і ў холад.
Вялікая адказнасць за якасць работ ляжыць на плячах будаўнікоў, але дзякуючы намаганням і прафесіяналізму такіх людзей як І. Сцефановіч, людзі з радасцю будуць засяляцца ў новыя дамы.

Алена Пятушка.