Усё далей у гісторыю сыходзяць падзеі той далёкай і жудаснай 10-гадовай вайны ў Афганістане. Але яе ўдзельнікі, савецкія салдаты, якіх Радзіма паклікала выконваць абавязак, і сёння памятаюць кожную начную атаку, кожны выстрал, кожную слязу. Яны пайшлі на вайну 20-гадовымі юнакамі, а вярнуліся сталымі і мужнымі мужчынамі, ва ўспамінах якіх на заўсёды застанецца перажытае.
Не так часта яны могуць сустрэцца, пасядзець і пагутарыць, успомніць баявых таварышаў. Але ў спецыяльны дзень – 15 лютага – Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, адкладваюць усе свае справы і збіраюцца разам.
Вось і ў пятніцу на мітынг каля памятнага знака воінам-афганцам і ўдзельнікам іншых лакальных войнаў прыйшлі не толькі сведкі тых жудасных падзей. Хоць і не кранула многіх афганская вайна, але браслаўчане лічаць сваім абавязкам у гэты дзень аддаць даніну памяці сваім абаронцам і кожны год прыходзяць сюды.
Як адзначыла ў сваім выступленні старшыня Савета дэпутатаў Ніна Пучынская, 24 гады аддзяляюць нас ад вайны ў Афганістане, але сёння, як і кожны дзень, мы павінны памятаць і ніколі не забываць, што зрабілі гэтыя мужныя, гераічныя людзі. І перад вачамі сучаснага пакалення паўстае самы лепшы прыклад – 80 браслаўчан, якія змагаліся з ворагам. Адзін з іх, Валерый Александровіч, так і не вярнуўся.
Увогуле, у Віцебскай вобласці жывуць 5 тысяч воінаў-інтэрнацыяналістаў, удзельнікаў лакальных войнаў і канфліктаў, 47 матуль і 30 удоў загінуўшых захоўваюць светлую памяць пра сваіх сыноў і мужоў, многіх удзельнікаў тых падзей, у тым ліку і браслаўчан, не стала ўжо ў мірны час.
Да прысутных звярнуўся і ветэран вайны ў Афганістане, старшыня раённай арганізацыі “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Леанід Мікшта. Ён нагадаў пра падзеі тых ваенных часоў, пажадаў здароўя і дабрабыту ўсім воінам-афганцам, а таксама прапанаваў ім часцей сустракацца з моладдзю і дзяліцца сваімі ўспамінамі.
Дарэчы, вучань гімназіі Віктар Гасюль у сваім слове ад імя моладзі сказаў вельмі правільныя словы, што святло памяці не згасне ніколі, бо сучаснае пакаленне гэтага не дапусціць.
Пасля мітынгу ўдзельнікам вайны ў Афганістане прапанавалі наведаць музей памяці воінаў-афганцаў, які нядаўна адкрылі ў СШ№1. Год таму назад Леанід Мікшта прапанаваў ідэю стварэння такога музея. Доўга чакаць не прыйшлося. Ініцыятыву адразу падтрымалі дырэктар школы Тамара Стома і ўвесь калектыў установы. І ў пятніцу афганцы змаглі паглядзець, што зроблена за гэты год. У асобным пакоі прадстаўлена экспазіцыя, прысвечаная падзеям вайны, ваенныя рэчы, дакументы і здымкі. Пакуль музей толькі развіваецца, тут не хапае экспанатаў, але гэта пытанне хутка вырашылася, дастаткова было толькі дырэктару яго агучыць. Мужчыны паабяцалі падзяліцца пісьмамі, якія дасылалі дадому, фотаздымкамі і ўласнымі рэчамі. Яны таксама ўнеслі прапановы па развіцці музея, а потым сфатаграфаваліся на памяць.
А пазней, па традыцыі, на магілу Валерыя Александровіча ў вёску Мелеўцы прыехалі кіраўніцтва раёна, ветэраны-афганцы, школьнікі. Бачна, што не забываюць удзячныя нашчадкі нашага земляка, які загінуў на вайне.
Увогуле, у гэты дзень успаміналі падзеі вайны ў Афганістане ў многіх арганізацыях і ўстановах. А вечарам, ужо ў пяты раз адбыліся спартыўныя спаборніцтвы па міні-футболе ў гонар Валерыя Александровіча.
Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.