Браслаўчане са спортам сябруюць. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова наведаць увечары каток ці трэнажорную залу і падлічыць колькасць прысутных. Безумоўна, асноўным “спажыўцом” спартыўных паслуг з’яўляецца моладзь. Чым на спартыўнай ніве яна можа скарыстацца зараз і што чакае яе ў перспектыве, карэспандэнт газеты пагутарыў з начальнікам аддзела спорту і турызму райвыканкама Яўгенам Лабуцем.
— Яўген Браніслававіч, акрэсліце, калі ласка, вынікі дзейнасці аддзела ў апошнія гады.
— Галоўным нашым праектам апошняга часу стала рэканструкцыя гарадскога стадыёна. Жыхары і госці горада, лічу, заўважылі, як змяняецца спартыўны аб’ект. Агароджа “адвучыла” людзей рабіць сцежкі на гульнявым полі, дзеля зручнасці балельшчыкаў устаноўлены сучасныя трыбуны, пакладзены новы асфальт, для догляду за газонам набыта газонакасілка.
Павольна, але ўпэўнена абнаўляем матэрыяльна-тэхнічную базу спартыўнай школы. Нядаўна раён аднавіў свой удзел у абласным чэмпіянаце па футболе. Вялікіх поспехаў пакуль няма, але ёсць да чаго імкнуцца.. Паступова асвойваем новыя для нас віды спорту: бадбінтон, корфбол, рынга. Добрай традыцыяй стаў удзел нашых спартсменаў у міжнародных спаборніцтвах, часцей за ўсё нас запрашаюць у суседнюю Латвію.
— Калі прадаўжаць тэму стадыёна, то браслаўчане скардзяцца, што па вечарах ён зачынены.
— Згодзен, праблема існавала. Але зараз, магу заверыць, яна вырашана: стадыён працуе з 8.00 да 22.00. Зачыняем мы яго толькі на начны час і па тэхнічнай неабходнасці, напрыклад, пры нанясенні разметкі перад важнымі спаборніцтвамі. А карыстаючыся выпадкам, хачу нагадаць аматарам сабак, што стадыён – не месца для іх выгулу.
— А ў якім накірунку, Яўген Браніслававіч, будзе развівацца спартыўнае жыццё раёна ў бліжэйшай будучыні?
— Ужо ў гэтым годзе плануем абсталяваць стадыён раздзявальняй, якая ў зімовы час будзе выконваць ролю пункта пракату. Па міжнароднай праграме пры спрыяльным збегу абставін там жа з’явіцца сучасная комплексная спортпляцоўка для розных відаў спорту са штучным пакрыццём. Магчыма, абсталюем каток музыкай. У ДЮСШ з’явіцца спецыяльны сектар для скачкоў. Працягнецца закуп новага інвентару. Вядома ж, будзем шукаць магчымасці для асвойвання новых відаў спорту і ўдасканалення майстэрства ў існуючых.
— А ці жыве яшчэ ідэя па стварэнні ў Леснічоўцы лыжаролернай трасы?
— На жаль, у тым выглядзе, у якім мы планавалі, трасы пакуль не будзе. Але таксама па міжнароднай праграме плануецца набыць снегаход для ўшчыльнення снегу і 50-60 пар лыжаў. Мяркую, гэтага будзе дастаткова, каб праводзіць у лесапарку зімовыя спаборніцтвы.
— У Браславе жыхары больш-менш ахоплены спартыўнай інфраструктурай, а як справы ў сельскай мясцовасці?
— Умовы, вядома, розныя. На сяле спартыўнае жыццё імкнецца да школ, дзе настаўнікі фізкультуры, як правіла, з’яўляюцца нашымі сумяшчальнікамі і арганізуюць спартыўныя секцыі. У сваю чаргу, аддзел не пакідае ў баку ад спорту жыхароў вёсак і аграгарадкоў. Мы рэгулярна праводзім тэматычныя спартакіяды як на базе гарадскіх устаноў, так і з выездам на месца. Лепшых вывозім на абласныя спаборніцтвы сярод сельскіх жыхароў. Хачу абрадаваць жыхароў Відзаў, дзе ўжо падбіраецца месца пад будаўніцтва хакейнай пляцоўкі.