Разам па жыцці

Главное

Валерый і Віталь Трашчынскія – звычайныя маладыя хлопцы, з добрым пачуццём гумару, агеньчыкам у вачах і накіраваным у будучыню позіркам. Але ёсць адна асаблівасць, якая адрознівае братоў ад мільёнаў іншых – яны двайняты. І так павялося, што ўсё жыццё крочаць разам, адчуваючы ўзаемную падтрымку.
Нарадзіліся хлопцы ў Браславе, пайшлі ў адзін клас і разам закончылі школу. Аднакласнікі прыстасаваліся да іх знешняга падабенства і патроху навучыліся адрозніваць, а вось некаторым настаўнікам гэта аказалася не па сілах. І Віталь з Валерам актыўна карысталіся сваёй прыроднай перавагай. Як самі прызнаюцца, бывала нават экзамены здавалі адзін за аднаго. Аднолькавыя з выгляду браты ўвогуле часта траплялі ў забаўныя сітуацыі. То былы аднакурснік зблытае і ў эмацыянальным парыве кінецца ціснуць руку не таму, а потым доўга здзіўляецца, маўляў, як так можа быць. То адзін у другога возьме машыну і выпадкова пакіне ў ёй свае дакументы, а супрацоўнікі ДАІ пры праверцы нічога незвычайнага і не заўважаць.
Але быў перыяд у жыцці братоў Трашчынскіх, калі лёс іх усё ж такі развёў. Хлопцы атрымлівалі адукацыю ў розных гарадах: Віталь вучыўся ў Віцебску ў філіяле дзяржаўнага каледжа сувязі, а Валерый – у Беларускім гандлёва-эканамічным універсітэце, што ў Гомелі. Але нават праз сотні кіламетраў абодва, як самі прызнаюцца, аднолькава думалі і адчувалі цягу адзін да аднаго. Пасля вучобы Валерый працаваў у Баранавічах, а Віталь – у Браславе. Апошні пачаў дзейнічаць як ІП. Але настаў такі момант, калі стала зразумела: аднаму рухацца далей будзе цяжка, патрэбны надзейны кампан’ён. Яго ролю ўзяў на сябе Валерый, які па запрашэнні брата рашыўся пераехаць у родны горад. І не пашкадаваў. Справа ў хлопцаў ідзе ў гару, адзін з’яўляецца заснавальнікам прыватнага ўнітарнага прадпрыемства, другі – яго дырэктарам. Яны абслугоўваюць аргтэхніку ў больш за сто прадпрыемствах і арганізацыях раёна, аказваюць паслугі насельніцтву. Браты кажуць, што разам працаваць ім лёгка, надзейнае плячо побач і разуменне з паўслова робяць сваю справу.
Аднак цікавыя факты з жыцця двайнят на гэтым не заканчваюцца. Лёс упэўнена трымае іх побач. Мяркуйце самі: браты з розніцай у два гады ажаніліся, абодва маюць цудоўных дачок, жывуць у суседніх дамах на Юдаўцы, нават аўтамабілі ў абодвух адной маркі.
На пытанне, ці не перашкаджае знешняе падабенства ў справах? хлопцы толькі смяюцца: “Хіба што толькі па прыездзе да кліента людзі вітаюць і вінавата ўсміхаюцца – не ведаюць, хто зайшоў, Віталь ці Валерый. На што мы адказваем, як ні назаві, на якасць справы не паўплывае. А пазітывізм застаецца.”
Вось так і крочаць браты Валерый і Віталь Трашчынскія па жыцці. Разам.