Як кажуць, будаўніцтва – гэта адлюстраванне агульнага стану спраў у эканоміцы. Браслаўшчына ў гэтым плане выглядае даволі годна, асабліва на фоне іншых раёнаў вобласці. Пра праблемы і перспектывы развіцця Браслаўскага краю ў гэтым накірунку карэспандэнт газеты Вячаслаў Каладынскі пагутарыў з начальнікам аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Юрыем Мірашам.
— Юрый Анатольевіч, якія вы бачаце асноўныя праблемы і недахопы ў галіне архітэктуры і будаўніцтва жылля?
— Цяжкасці, безумоўна, ёсць. Зараз мы сутыкнуліся з неабходнасцю распрацоўкі новага генеральнага плана горада Браслава, бо стары ўжо не актуальны. Гэта ж датычыцца і Відзаў, дзе генплан разлічаны да 2015 года. У населеных пунктах не хапае месца пад індывідуальную забудову. У райцэнтры свабоднымі засталіся толькі ўчасткі, патрабуючыя значных фінансавых затрат на прывядзенне іх у належны стан, а на сяле землі агагарадкоў аказаліся заціснутымі паміж сельскагаспадарчымі ўгоддзямі. Таму новыя дамы прыходзіцца ўзводзіць на месцы знесеных лядашчых пабудоў. Існуе праблема і з пракладкай камунікацый пад дарожным палатном. Лічу, што сітуацыя, калі пасля такіх “намаганняў” ад асфальту застаецца адна назва, няправільная. Таму будзем выходзіць з ініцыятывай, якая дазволіць замацаваць за заказчыкам работ абавязак прыводзіць ў належны стан пакрыццё аж да новага слою па ўсёй шырыні дарогі.
— Ці будзе вырашацца праблема з недахопам зямлі пад індывідуальную забудову шляхам адводу пад гэтыя мэты новых тэрыторый?
— Так. Зараз нашы асноўныя намаганні сканцэнтраваны вакол новага раёна забудовы “Княжына”. Там плануецца адвод участкаў для 48-мі індывідуальных забудоўшчыкаў, пракладка інжынерных сетак і камунікацый, узвядзенне магазінаў, кафэ, дзіцячага садка і іншых аб’ектаў. План распрацаваны, земляныя работы вядуцца. Пры добрым збегу абставін участкі пачнём выдаваць ужо сёлета.
— А раскажыце, калі ласка, нашым чытачам, як увогуле будзе развівацца горад у бліжэйшай будучыні.
— Хутка скончыцца тэрытарыяльны рэсурс “Юдаўкі” як раёна шматкватэрнай забудовы. Пасля ўводу ў эксплуатацыю ЖБК-9 і 60-кватэрнага дома з долевым удзелам, які плануецца да канца бягучага года, будзем будаваць ЖБК-10 і, магчыма, ЖБК-11. Пад большае проста няма месца. Разглядаецца магчымасць будаўніцтва шматпавярхоўкі па вуліцы Садовай на месцы знесеных гаспабудоў, але там можа з’явіцца і гарадская лазня. Таму ў будучым шматкватэрныя дамы будзем узводзіць у новым мікрараёне, які плануецца разбіць у накірунку Краснасельцаў.
— Юрый Анатольевіч, а што скажыце наконт чуткаў сярод браслаўчан пра будаўніцтва магазіна “Еўраопт” на вуліцы Кастрычніка?
— Сакрэтаў няма: рашэнне прынята, дакументы на праектаванне выдадзены. Калі ўсё добра, праз 20 месяцаў (па нормах) будзем хадзіць за пакупкамі.
— Вялікі дзякуй за размову.