Тэатральная гісторыя браслаўшчыны

Главное

У гісторыка-краязнаўчым музеі пачала працаваць выстава, прысвечаная тэатральнай культуры Браслаўшчыны. У экспазіцыі прадстаўлены матэрыялы аб першых згадках тэатральных прадстаўленняў на Браслаўшчыне, а таксама спробах арганізацыі беларускага аматарскага тэатра. Найбольш раннія фотасведчанні сцэнічных выступленняў адносяцца да 1920-1930–х гг., калі ў Друі, пры польскай гімназіі імя Стэфана Баторыя, была створана аматарская суполка, якую ўзначалілі айцец кляштара Марыянаў Андрэй Цікота і прафесар Антоній Голубеў. Прыклад друйскага тэатра з’яўляецца ўдалым сінтэзам беларускай і польскай культур. На выставе прадстаўлены фотаматэрыялы, на якіх зафіксаваны выступленні гэтага тэатра.
Неўзабаве пасля вайны ў Браславе з’явіліся афішы, якія паведамлялі пра прэм’еры спектакляў, пастаўленых самадзейнымі артыстамі. Так тэатральны гурток з’явіўся пры Браслаўскім РДК у 1944 годзе і хутка заваяваў прызнанне. Вядомасць калектыву прынеслі спектаклі “Плошча кветак”, “Паўлінка”, “Прымакі”. З 1948 па 1972 год з шасцігадовым перапынкам тэатр узначальваў Васіль Пятровіч Галкін – таленавіты рэжысёр.
Асобная частка экспазіцыі прысвечана дзейнасці народнага тэатра ў Браславе ў мінулым і на сучасным этапе. На выставе можна пабачыць і фота з выступленняў тэатральнага калектыву каталіцкага касцёла, які неаднойчы быў высока адзначаны гледачамі.
Выстаўка будзе дзейнічаць на працягу двух месяцаў, таму ў браслаўчан ёсць магчымасць яе пабачыць.

Аляксандр Панцялейка,
дырэктар музейнага аб’яднання.