«Шэрыя ваўкі» ў небе Афгана.

Главное

Сярод непасрэдных удзельнікаў афганскай вайны нямала ўраджэнцаў і жыхароў Браслаўшчыны. Гэтыя мужчыны жывуць побач з намі, многія з іх прымаюць удзел у патрыятычным выхаванні маладога пакалення, займаюцца мірнымі справамі, а ў іх душах і сэрцах, не згасаючы, жывуць боль і горыч вайны, успаміны пра моцнае сяброўства і баявых таварышахў якія назаўсёды засталіся маладымі.
Напярэдадні свята воінаў-інтэрнацыяналістаў я завітала ў госці да капітана ў адстаўцы Уладзіміра Лясовіча, які шмат гадоў працуе вадзіцелем на турбазе «Браслаўскія азёры». Амаль тры гады ваенны лётчык 1-га класа, кіруючы верталётам, выконваў свой абавязак у Афганістане.
Прыемны і абаяльны чалавек сярэдніх гадоў, акуратна падстрыжаны і паголены, спакойны і гаваркі, ва ўтульнай кухні за кубкам кавы пачаў дзяліцца сваімі ўспамінамі.
Небам «захварэў» Уладзімір, калі ў 4 класе на самалёце з Даўгаўпілса ляцеў у Рыгу. Так з’явілася мара, да якой хлопчык ішоў упарта і саманакіравана. Ды і дэвіз для сябе абраў адпаведны: «Калі служыць, то толькі ў авіяцыі. А калі ў авіяцыі, то толькі — лётчыкам».
Пасля заканчэння ваенна-лётнага вучылішча здавалася, што наперадзе будзе лагоднае бясхмарнае неба, мірнае сонца над галавой і прыемныя хвіліны палёту…
— Першы раз у Афган быў камандзіраваны амаль на два гады — з 1982 па 1984-ы, — успамінае У. Лясовіч. — Спачатку адаптацыя да паўднёвага клімату. Потым ваенная база Баграм. Тры дні палётаў са «старымі» пілотамі, а далей — сам.
У. Лясовіч кіраваў баявым верталётам агнявой падтрымкі Мі-24, які сыграў вядучыю ролю ў афганскай вайне. Умовы былі вельмі складанымі і мала чым нагадвалі звыклыя аэрадромы і палігоны, бо знаходзіліся яны на вышыні 1500 — 2500 м над узроўнем мора. Ды і клімат адрозніваўся ад нашага. Спёка, якая даходзіла да + 50 градусаў. Лятаць прыходзілася ў пальчатках, бо награвалася ручка кіравання верталётам. Пілотам прыйшлося асвоіць палёты па горнай мясцовасці, пошук, нясенне дазору і патрульнай службы.
— У верасні 1982 года пачалася ваенная аперацыя, — узгадвае У. Лясовіч. — Больш за месяц «выкурвалі духаў» з цясніны Паншэр, працягласць якой 40 км. Горы ўзвышаюцца да 7 км, калі да іх падлятаешь, верталёт здаецца маленькай кропкай. Пад’ём у 4 гадзін раніцы, снеданак, і — «у неба» з баявой задачай.
Аб’ёмы паўсядзённай работы, якую выконвалі верталётчыкі, былі вялікія. За два гады службы ў Афганістане ў У. Лясовіча 4,5 тыс. гадзін налёту, 160 баявых вылетаў. «Шэрымі ваўкамі» называлі «духі» верталёт Мі-24, бо яны сталі сапраўднымі лятаючымі танкамі. І менавіта таму сталі прыарытэтнай мішэнню для маджахедаў. Стралялі і па верталёце Уладзіміра, але, на шчасце, сур’ёзных пашкоджаннеў не было. Відаць, нарадзіўся ў кашулі…
За баявую аперацыю ў цясніне Паншэр і штодзённую службу Уладзімір Фёдаравіч узнагароджаны ордэнам «Чырвоная Зорка».
— Другі раз трапіў ў Афганістан у 1986 годзе на авіябазу Шынданд, — працягваў
У. Лясовіч. — І зноў спякота, палёты, баявыя задачы і аперацыі па знішчэнні «духаў».
Так у маі 1987 года какпітан У. Лясовіч атрымаў другі ордэн «Чырвонай Зоркі».
І толькі пры ўспаміне загінуўшых баявых таварышаў голас майго суразмоўцы ўздрыгнуў. Відаць, і моцным мужчынам тыя ўспаміны пякучыя, бо смець у Афгане была, як і любая іншая, — халодная і жудасная.
Вайна заўсёды выпрабоўвае чалавека на трываласць. Адны не вытрымліваюць і робяцца неўраўнаважанымі і злымі, другія знаходзяць сябе ў мірным жыцці. Так і Уладзімір, заўсёды стараецца жыць у згодзе з уласным сумленнем і тымі, хто побач.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.