Першы этап адкрытага чэмпіяната Беларусі 2013 года па ралійных гонаках прайшоў у Браславе ў суботу 10 лютага. А напярэдадні вечарам на цэнтральнай плошчы горада адбылося іх урачыстае адкрыццё. Удзельнікаў спаборніцтваў віталі старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў і старшыня ралійнага камітэта Сяргей Аўчыннік. Абодва пажадалі ралістам хуткаснай трасы і ўдачы на фінішы.
Усяго ў гонках прынялі ўдзел 18 экіпажаў (з іх 2 выступалі па-за рамкамі этапа).
З шаснаццаці заліковых экіпажаў да фініша дайшлі толькі 13. Першае месца ў абсалютным заліку і класе аўтамабіляў Б-12 заняў літоўскі экіпаж у складзе Жала Вайдотаса і Алекна Дайнюса. На другую ступеньку ўзняліся Беларусы Анатоль Шымакоўскі і Анатоль Акаловіч, трэцім быў інтэрнацыянальны экіпаж Дарыўс Бесявічус (Літва) і Таццяна Цырода (Беларусь).
У класе Б-11 вышэйшую ступеньку п’едэстала таксама занялі літоўцы. А ў самым маламоцным класе Б-10 роўных не было нашым гоншчыкам.
Згодна зацверджанаму календару Беларускай аўтамабільнай федэрацыі пройдуць яшчэ чатыры этапы спаборніцтваў. Два з іх прымуць літоўскі, 1-украінцы, а апошні заключны, зноў пройдзе ў Браславе.
Аляксандр Азевіч.