Кожную раніцу буднага дня бацькі вядуць сваіх маленькіх гарэз у дзіцячы сад. Вясёлая і бадзёрая бяжыць дзетвара сюды з задавальненнем. І невыпадкова, бо ў кожным з дзіцячых садоў ім утульна, як дома. З дня ў дзень абслугоўваючы персанал стараецца парадаваць сваіх выхаванцаў цікавымі гульнямі, смачнымі і карыснымі абедамі, чысцінёй .
Часам праца многіх работнікаў дзіцячага сада не кідаецца ў вочы, тым не менш вельмі важня і патрэбня. Да такой “нябачнай працы” можна аднесці і памочніка выхавацеля, прасцей кажучы, няню. А менавіта ад іх залежыць чысціня і парадак у групе, своечасовы абед, ды і здароўе маленькіх падапечных. Да такіх атносіцца і Жанна Яроцкая, памочнік выхавацеля ў яслях-садзе № 2. (на здымку).
Рукамі гэтай добрай няні выпешчана не адно пакаленне хлопчыкаў і дзяўчынак. Кожную раніцу яна прымае “хатніх” малышоў, якія парой не ўмеюць трымаць у руках лыжку, карыстацца гаршком, апранацца, завязваць шнуркі.
— Працаваць у дзічачы сад прыйшла адразу пасля школы, — успамінае Жанна Вячаславаўна. – Думала, папрацую год, назапашу практычных ведаў і паступлю ў педагагічнае вучылішча. Але настолькі захапілася, прыкіпела душой да маленькіх свавольнікаў, што так і засталася няней.
Так 24 гады таму назад трапіла ў “палон” да сваіх выхаванцаў Жанна Яроцкая і не колькі не шкадуе сёння.
Гледзячы на субяседніцу, разумееш, якая павінна быць сапраўдная нянечка — добрая, клапатлівая, акуратная, заўсёды гатовая падаць руку дапамогІ. А калі патрэбна, праявіць настойлівасць. Пэўна, лягчэй самаму хуценька апрануць дзіцяці, завязаць шнуркі і павесці на прагулку. А Жанне Вячаславаўне хапае цярпення метадычна, паслядоўна вучыць маленькіх няўмек да самастойнасці. І як узнагарода ўсіх намаганняў – радасныя і шчаслівыя вочы дзіцяці, які сам засцягнуў маланку ў куртцы або завязаў шнуркі. За што, упэўнена, бацькі павінны быць вельмі ўдзячны за такія ўрокі жыцця.
— Дзяцей я вельмі люблю, — з лагоднай усмешкай расказвае Жанна Вячаславаўна. – Цікава назіраць, як маленькі чалавечак вучыцца рабіць першыя крокі ў калектыўнае жыццё. Хто адразу ідзе на кантакт, а хто і плакаць пачынае. А праз месяц-другі ўжо і малюе ахвотна, і скача, і песні спявае.
Шмат работы ў памочніка выхавацеля. Трэба дапамагаць правадзіць агульнаразвіваючыя заняткі, развучваць вершы, песні, удзельнічаць у ранішніках, апранаць дзетак на прагулку, адказваць на тысячы “чаму”, пры гэтым сачыць за чысцінёй у групе, вымыць посуд пасля абеду, перамыць цацкі, навесці парадак. Але, нягледзячы на шматлікія абавязкі, Жанна Вячаславаўна ў хвілінкі свайго вольнага часу паспявае шыць лялькам уборы, з паперы, пластыка і картону вырабляць прыгожыя кампазіцыі. Ды яшчэ і мужа нагружае работай. Ён дапамагае ствараць развіваючыя куточкі для дзетак. Так, у групе ёсць дзічачая парыкмахерская, крама, кухня, дзе дзяўчынкі і хлопчыкі ў гульнявой форме вучацца самастойнасці. І нязменным памочнікам, дарадцам у той ці іншай сітуацыі з’яўляецца для дзетак іх “цудоўная няня”.
Калі прапанавалі перайсці на іншую, больш аплачваемую работу, адказалася, бо не ў’яўляе сябе без усмешак, мілых тварыкаў і дзіцячай мітусні.
“Гаспадыня групы” — так ласкава называюць Жанну Яроцкую выхавацелі і загадчыца садка. Усё ў яе раскладзена па палічках, у скрыначках, кожная рэч на сваім месцы. Пры сервіроўцы стала да снедання, абеду ці падвячорка стараецца ўпрыгожыць яго незвычайнамі сурвэткамі, правільна раскласці прыборы, выхоўваючы эстэтычны густ у дзіцяці.
Ёсць “людзі-крынічкі”, ад якіх пастаянна зыходзяць новыя ідэі. Да такіх людзей адносіцца і Жанна Вячаславаўна. Колькі б яна ні аддавала дзецям, крыніца яе любові і дабрыні невычэрпная. Яна дорыць ім сваю любоў, а яны бягуць з усіх бакоў і заключаюць яе ў свае абдымкі.
Алена Пятушка.