Майстар на ўсе рукі

Главное

Нездарма людзі кажуць, што таленавіты чалавек – таленавіты ва ўсім. Гэтыя крылатыя словы ўспомніліся мне падчас гутаркі з цікавым чалавекам, выдатным майстрам, добрым сем’янінам Іванам Карлавічам Гедзюном з Дрысвятаў.
Завітаўшы раз у бібліятэку аграгарадка Дрысвяты, прызнацца, была здзіўлена тым фактам, што “храм кнігі” тут ахоўвае мужчына. Падчас гутаркі з бібліятэкарам зразумела, што ён – сапраўдная “энцыклапедыя” талентаў і навыкаў.
Іван Гедзюн не з тых, хто хапаецца кожны раз за новую работу і тут жа яе кідае. Наадварот, пакуль дасканала не вывучыць, за новае не возьмецца. Прызнаецца, што інтарэс да музыкі, вершаў, малявання ўзнік яшчэ ў дзяцінстве.
Хлопчык рос таленавітым, і бацькі, за што Іван Карлавіч ім вельмі ўдзячны, усяляк яго падтрымлівалі. Калі выявілася схільнасць да музыкі – падарылі акардэон. А пазней пазнаёмілі з літоўскім музыкантам Мечыславам Мачулісам, які ўзяў хлопчыка да сябе ў вучні. Не перашкаджалі бацькі і яго захапленню маляваннем.
Калі ж прыйшоў час вызначацца з прафесіяй, хлопец выбраў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педуніверсітэта. За час вучобы ў розных педагогаў ён не толькі ўдасканаліў сваё майстэрства ў маляванні, але яшчэ і навучыўся выдатна чарціць, разьбе па дрэву і іншаму.
– Пасля вучобы мяне накіравалі працаваць у Дрысвяцкую школу. І вось калі я трапіў у гэтыя мясціны, зразумеў, што захапіўся імі на ўсё жыццё. Прырода, людзі, культура і музыка, якая тут жыве, падсілкоўваюць мяне і натхняюць на новыя работы, – расказвае Іван Карлавіч.
Але музыка ў яго жыцці ўсё роўна пераважае. Сваім музыкальным здольнасцям мужчына знайшоў прымяненне ў народным калектыве “Вярба”, дзе зараз іграе на акардэоне.
Калі ў Дрысвятах пачаўся рамонт касцёла, Іван Карлавіч прапанаваў сваю дапамогу. Разам з сябрамі ён вяртаў былы выгляд будынку. А пазней спатрэбіліся і яго навыкі разьбы па дрэве. Сам стварыў праект алтара ў Пеліканскім касцёле, пры гэтым перачытаў шмат літаратуры па архітэктуры, каб зрабіць усё правільна, начарціў, а потым выразаў з дрэва. Яго рукамі зроблены і драўляныя лавачкі для Відзаўскага касцёла. Такі аб’ём работы проста ўражвае, а Іван Карлавіч гаворыць, што нічога складанага, трэба толькі ўсе веды і душу ўкласці ў справу. Так захапленне разьбой па дрэве стала справай жыцця.
– Я заўсёды лічыў, што ў жыцці трэба паспрабаваць усё, таму развіваюся ў розных накірунках, не магу сядзець без справы, – дзеліцца Іван Карлавіч.
У наш век інфармацыйных тэхналогій без камп’ютара нікуды, таму мужчына вырашыў, што яму неабходна авалодаць тэхнікай – і атрымаў другую вышэйшую адукацыю. Зараз ён не толькі без праблем працуе на камп’ютары, але і адрамантаваць яго можа, у гэтым і вяскоўцам дапамагае. Здарылася якая бяда з тэхнікай – бягуць да Івана Карлавіча. Убачыўшы прыгожыя фотаздымкі на паліцах бібліятэкі, запыталася, хто аўтар. Аказалася, што адно з даўніх захапленняў Івана Карлавіча – фатаграфія. А яшчэ любіць браць у рукі відэакамеру і здымаць невялікія замалёўкі пра Дрысвяты, яго жыхароў, іх жыццё. А потым запрашае вяскоўцаў паглядзець.
Прызнаецца, што побач ёсць надзейны сябра, дарадца і памочнік ва ўсім – жонка Вераніка Іванаўна, якая падтрымлівае яго заўсёды. Разам яны шмат гадоў, выхавалі 4-ох дзяцей, якія зараз радуюць сваімі поспехамі бацькоў.
За што б ні ўзяўся Іван Карлавіч, музыку, разьбу па дрэве, фотаапарат – усё ў яго атрымліваецца і складваецца, таму і завуць яго вяскоўцы “залатыя рукі”.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.