Для многіх выхаванцаў Друйскага дзіцячага дома блізкімі і дарагімі людзьмі сталі сёстры-эўхарысткі, якія служаць пры мясцовым касцёле. З дапамогай сясцёр яны шукаюць сваю дарогу да Бога і адначасова вучацца самым простым справам, напрыклад, як прыгатаваць той ці іншы салат, суп, страву з мяса, як сустракаць гасцей, паводзіць сябе за сталом… Адным словам, асвойваюць тое, чаму іншыя дзеці вучацца ў сям’і.
Вядома, каб прыгатаваць ежу, патрэбны прадукты. Грошы для набыцця іх сёстры-эўхарысткі Наталля і Ганна вымяркоўваюць з уласнага бюджэту. Але пры яго мізэрнасці, рабіць гэта нялёгка. Таму ім, як кажуць, дарагая любая дапамога, якую атрымліваюць ад людзей.
Вось і днямі яны разам з групай выхаванцаў дзетдома з радасцю сустракалі прадстаўнікоў дабрачыннага таварыства “Карытас” парафіі “Нараджэння Маці Божай у Браславе”, якія перадалі сёстрам для правядзення заняткаў па дамаводстве прадукты ад прадпрымальнікаў Валянціны і Віталя Гаспаровічаў, старшыні СВК “Маяк Браслаўскі” Рамуальда Шукеля.
Гаспадары пачаставалі гасцей яшчэ цёплым пірагом і тут жа за сталом склалі меню абеду, які прыгатуюць з прывезеных прадуктаў.
НА ЗДЫМКУ: у доме сясцёр-эўхарыстак у час візіту прадстаўнікоў парафіяльнага “Карытаса”.
Тэкст і фота Тамары Пашкевіч.