Ці эфектыўныя мерапрыемствы па сацыяльнай адаптацыі асоб, якія вярнуліся з месц пазбаўлення волі і ЛПП, як змяняецца і ці змяняецца ўвогуле стаўленне парушальнікаў грамадскага парадку да сваіх паводзін пасля прафілактычных гутарак? Гэтыя і многія іншыя пытанні разглядаліся на выніковым за 2012 год сумесным пасяджэнні назіральнай камісіі і савета грамадскага пункта, якое адбылося напрыканцы студзеня.
Як вынікае з заслуханых на пасяджэнні справаздач, летась на Браслаўшчыне зарэгістравана 175 злачынстваў. З іх 38 учынены асобамі, якія маюць судзімасць. Геаграфія дзейнасці зламыснікаў ахоплівае амаль увесь раён, але ў якасці выключэння можна назваць Слабодкаўскі і Мяжанскі сельсаветы, на тэрыторыі якіх фактаў парушэння закона не зарэгістравана. Зменшылася колькасць злачынстваў, учыненых судзімымі непрацуючымі асобамі (-3), а таксама ў стане алкагольнага ап’янення (-3). Дынаміка станоўчая, але ў 2011 годзе тэмп уражваў больш. Адміністрацыйных правапарушэнняў выяўлена 1939. Пры гэтым на працягу апошніх некалькіх гадоў узровень злачыннасці ў нас самы нізкі ў вобласці.
За 2012 год праз крымінальна-выканаўчую інспекцыю РАУС прайшло 369 асуджаных і асоб, якія маюць судзімасць. Чатыры разы праводзіўся комплекс спецыяльных мерапрыемстваў “Нагляд”, 4 адкрытыя пасяджэнні ў рамках акцыі “Альтэрнатыва”. Вынесена 149 папярэджанняў наконт анты-грамадскага ладу жыцця. 7 асоб, што маюць судзімасць, накіраваны па рашэнні суда ў ЛПП, пяцёра з іх ужо адбываюць пакаранне. Па ініцыятыве РАУС устаноўлена 4 прэвентыўныя нагляды.
Летась да 8-мі працоўных месц павялічана браня для працаўладкавання асоб, якія вярнуліся з месц пазбаўлення волі. Увогуле за мінулы год аказана дапамога па ўладкаванні на працу 35-і асобам названай катэгорыі, у атрыманні жылля – 8-мі, у рэгістрацыі і аднаўленні дакументаў – чатыром. Адрасную сацыяльную дапамогу атрымалі 16 чалавек. Пяцёра бясплатна прайшлі курс лячэння ад алкагольнай залежнасці.
Актыўна дзейнічалі грамадскія пункты аховы правапарадку. Дзеля павышэння іх эфектыўнасці і аснашчанасці з раённага бюджэту выдаткавана больш за 15 млн. рублёў.
Найбольшы ўклад у справу прафілактыкі правапарушэнняў, безумоўна, уносіць РАУС. Аднак такія суб’екты, як аддзелы адукацыі і культуры райвыканкама, упраўленне па працы, Браслаўская ПМК-42, ДП “Браслаў-камунальнік”, таксама не застаюцца ўбаку. Прычым часта рашаючым фактарам становіцца менавіта чалавек, асоба, якая словам і ўласным прыкладам заклікае пераканацца і стаць на цвёрды шлях жыцця ў сяброўстве з законам і маральнымі нормамі.
Такім чынам, нягледзячы на цяжкасці, сярод якіх вылучаецца менавіта спецыфічны кантынгент, вынікі дзейнасці савета грамадскага пункта і назіральнай камісіі за мінулы год кажуць самі за сябе. Крымінагенная абстаноўка ў раёне, стан рэцыдыўнай злачыннасці і ўвогуле адносны спакой на нашых вуліцах сведчаць пра карысць і эфектыўнасць у тым ліку і грамад-скай ініцыятывы. А на іншае мы і не маем права.
Вячаслаў
Каладынскі.