Эканомнае і беражлівае выкарыстанне энергетычных рэсурсаў – адна са стратэгічных задач беларускай эканомікі. Бягучы год абвешчаны Годам беражлівасці, што з’яўляецца лагічным працягам рэалізацыі Дырэктывы № 3 “Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы”. Не застаўся ў баку ад рацыянальнага выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў і наш раён.
У мінулым годзе раённая праграма па энергазберажэнні ўтрымлівала 84 мерапрыемствы, 10 з якіх увайшлі ў абласную праграму па энергазберажэнні, агульным аб’ёмам фінансавання 8229,2 млн. рублёў. У выніку іх рэалізацыі эканомія паліўна-энергетычных рэсурсаў склала 915,5 тон умоўнага паліва. Пры гэтым доля мясцовых яго відаў – 72,3 %.
Сярод найбольш значных мерапрыемстваў, рэалізаваных у 2012 годзе, значацца такія, як замена састарэлых помпаў на энергазберагальныя ў свідравіне ў агр. Богіна, на кацельнях у г.п.Відзы і райцэнтры. У выніку тэхнічнай мадэрнізацыі ў ААТ “ТБЗ Браслаўскі” ўстанавілі 8 адзінак прыбораў, якія кантралююць працэс сушкі, а ў СВК “Маяк Браслаўскі” – сістэму шайба-тросавага харчавання жывёл.
Значны рэзерв эканоміі цеплавой энергіі дае выкарыстанне высокаэфектыўнай цеплаізаляцыі. З гэтай мэтай за мінулы год заменена 2800 м цепласетак на ПІ-трубы, у якіх гарантыйны тэрмін эксплуатацыі складае больш за 30 гадоў, а страты цяпла практычна зведзены да нуля. Таксама згодна з раённай праграмай па энергазберажэнні на торфабрыкетным заводзе, у бальніцы, навучальных установах і культуры, на ферме “Густаты”, заменены аконныя блокі на шклопакеты на суму 703 млн. рублёў, што дазволіла зэканоміць 40,2 тоны ўмоўнага паліва.
Памяншэнню расходу электраэнергіі садзейнічае шырокае прымяненне люмінесцэнтных і натрыевых энерга-эфектыўных лямпаў з павышанай святлоаддачай. За мінулы год імі аснашчаны аб’екты сельгаспрамысловасці, бальніцы, “ВТЦ г. Браслаў”, хлебазавода, устаноў адукацыі, вуліц горада на агульную суму 265,1 млн. рублёў, што таксама дало магчымасць зэканоміць 76,6 тоны ўмоўнага паліва.
Не пакінуты без увагі і пытанні збору другасных матэрыяльных рэсурсаў. У тым ліку за год нарыхтавана 220,4 т макулатуры, 9,1 т тэкстыльных і 13,8 т палімерных матэрыялаў, 5,9 т шклоадыходаў.
У бягучым годзе работа ў рамках абласнога плана па выкананні Дырэктывы №3, безумоўна, будзе прадоўжана. Аднак трэба памятаць, што толькі сумеснымі намаганнямі, арганізаванасцю і дысцыплінай можна забя- спечыць эканамічную бяспеку краіны, яе прагрэс і росквіт.
Ганна Міхяёнак, гал. спецыяліст
па энергазберажэнні райвыканкама .