Яшчэ ў лістападзе мінулага года Міністэрствам сельскай гаспадаркі і прадуктаў харчавання былі вы-значаны канкрэтныя тэрміны рамонту тэхнікі: да 1 сакавіка паставіць на лінейку гатоўнасці ўсе трактары і прычапныя агрэгаты, якія будуць заняты на пасяўной, а таксама кормаўборачныя камбайны. Праз месяц — усю астатнюю. Такая пастаноўка пытання выклікана тым, што пасля завяршэння веснавой сяўбы адразу пачнецца нарыхтоўка кармоў, а значыць, механізатарам давядзецца перасаджвацца з аднаго віду машын на другі і часу на іх рамонт не будзе.
Засталося менш за месяц да заканчэння першага этапа рамонту. Мяркуючы па арганізацыі работ у ААТ “Бярозавы край”, “Агравідзы” і “Новая Гвардыя”, дзе мы пабылі на днях, сітуацыя там складваецца не лепшым чынам. Зразумела, што ўвесь рамонтны працэс у першую чаргу буксуе з-за адсутнасці грашовых сродкаў на набыццё запчастак.
Напрыклад, у цэнтральнай майстэрні ААТ “Бярозавы край” працаваў толькі токар, але тачыў згоны труб для фермы. Як высветлілася, на адрамантаваныя 3 культыватары і сеялку запчасткі былі куплены раней. Цяпер жа людзі ў водпусках, а як толькі закупяць новую партыю запчастак, рамонт адразу ж і распачнуць.
У Відзах-Лаўчынскіх (“Агравідзы”) жыццё калі і не кіпела, то, як кажуць, цеплілася. Адрамантаваныя культыватары ўжо счэплены з баронамі, толькі чамусьці пастаўлены не на рэгуліровачную, а на пляцоўку для захоўвання агрэгатаў. Адрамантаваны 2 АПП-6, гатовы “Лемкен”, яшчэ адзін пасяўны агрэгат рамантуецца.
У Казянах (“Новая Гвардыя”) пасярод машыннага двара сіратліва стаіць адрамантаваны чызельны культыватар, ды і той без барон, хоць апошнія і гатовы да работы. У Богіна ж паспелі давесці да ладу 4 такія ж агрэгаты. З усіх трох наяўных АПП-6 ніводзін не спраўны, без іх жа на сяўбу і выяз-джаць няма чаго.
Дарэчы, па дзеючым палажэнні аб рамонце тэхнікі, на кожны агрэгат складаецца адпаведны акт прыёму з рамонту. Без яго факт рамонту правяраючымі органамі да ўвагі не прымаецца. Пакуль жа адпаведныя акты ні ў адной з гаспадарак так і не аформлены.
Яшчэ адно слабае звяно ў ланцугу падрыхтоўкі тэхнікі да пасяўной — правядзенне тэхабслугоўвання энерганасычаных трактараў “Беларус”, якое праводзіць спецыя-лізаваны цэнтр у Верхнядз-вінску. Інжынеры чамусьці чакаюць паступлення грошай і толькі пасля іх пералічэння ў цэнтр збіраюцца гнаць туды трактары. Але ж ёсць куды больш рацыянальны падыход да гэтай справы. Разумней загадзя аформіць усе неабходныя дакументы, здаць іх у казначэйства і адагнаць у цэнтр ТА трактары. Там правядуць абслугоўванне і ў дзень пералічэння грошай тэхніку можна будзе забраць. Пазней жа ўтворыцца чарга, прыйдзе час выязджаць у поле, а энерганасычаныя трактары, на якія ляжа асноўная нагрузка, яшчэ будуць стаяць у Верхнядзвінску. А вясне не скажаш “пачакай”.
Максім Сельскі,
гал. спецыяліст упраўлення райсельгасхарча.