Першыя вучэнні тэрытарыяльнай абароны прайшлі ў раёне ў сераду. Галоўная мэта іх — забеспячэнне стабільнай жыццядзейнасці насельніцтва, функцыяніравання аб’ектаў транспартнай інфраструктуры, эканомікі, іншых сфер у непрадбачаных сітуацыях.
— Згодна з ваеннай дактрынай нашай краіны мы не збіраемся распачынаць ваенных дзеянняў супраць суседзяў, але павінны быць гатовымі да абароны, — падкрэсліў у пачатку заняткаў камандуючы войскамі тэрытарыяльнай абароны старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў. — Таму кожны з прысутных павінен адносіцца да такога мерапрыемства самым адказным чынам.
Згодна з планам вучэнняў першым аб’ектам наведвання штаба і запрошаных стаў гарадскі водазабор, куды па ўводнай пра-нікла невядомая асоба. Пра гэта тут жа па трывожнай кнопцы паведамілі ў аддзяленне дэпартамента “Ахова”. Літаральна праз 2 хвіліны пасля паступлення сігнала на месца прыбылі міліцыянеры са службовым сабакам і затрымалі “дыверсанта”.
На наступным аб’екце ў дызельнай устаноўцы цэха ўльтракароткіх хвалевых радыёстанцый (тэлевышка) па ўводнай здарыўся “пажар”, з якім змагаліся байцы МНС.
У вучэннях былі задзейнічаны і 50 ваеннаабавязаных запасу. Спачатку яны прайшлі праз пункт папярэдняга збору ваеннаслужачых (у РДК), а затым былі адпраўлены на пункт прыёму асабістага саставу, які размяшчаецца на турбазе.
На абодвух пунктах з ваеннаабавязанымі адпрацоўваліся ўсе неабходныя дзеянні, якія прымаюцца пры мабілізацыі войск запасу. Там Сяргей Шматаў падзякаваў мабілізаваным за іх разуменне і высокую актыўнасць, праяўленую на вучэннях.
Падводзячы вынікі камандна-штабных заняткаў, кіраўнік раёна ацаніў іх на “здавальняюча”. А абгрунтаваў сваю адзнаку тым, што на абодвух аб’ектах ліквідацыяй непрадбачаных сітуацый займаліся толькі прафесіяналы. У далейшым жа, лічыць С. Шматаў, задачы трэба будзе ўскладняць, задзейнічаць пабольш работнікаў аргані-зацый, дзе праходзяць вучэнні, а ў паўсядзённым жыцці ўмацоўваць ахову аб’ектаў, ад якіх напрамую залежыць жыццядзейнасць насельніцтва. Ён выказаў упэўненасць, што ў наступны раз адзнака бу-дзе больш высокай.
Тэкст і фота Аляксандра Азевіча.