Найменш ДТЗ за апошнія 10 гадоў

Главное

З кожным годам колькасць транспартных сродкаў у раёне расце. Зарэгістравана больш за 14 тысяч адзінак тэхнікі. Але ў мінулым годзе на дарогах раёна здарылася найменшая колькасць ДТЗ за апошнія 10 гадоў – 13, у якіх 2 чалавекі загінулі, 16 – траўміраваны.
Пра дарожную дысцыпліну і бяспеку руху карэспандэнту газеты Вользе Патаповіч расказаў начальнік АДАІ Браслаўскага РАУС Віктар Сухаверскі.
Віктар Данатавіч, з чым, на ваш погляд, звязана памяншэнне ДТЗ?
— Лічу, што свае плады дала прафілактычная работа супрацоўнікаў нашага аддзела.
Добра спрацавалі яны ў мінулым годзе, а лепшыя вынікі ў старшага інспектара ДПС Юрыя Лаўрыновіча, інспектараў Валерыя Жука і Сяргея Капусціна (на здымку), хачу адзначыць і спрактыкаванасць старшага інспектара па адміністрацыйнай практыцы Сяргея Пашкевіча.
Паўплывала на памяншэнне ДТЗ павышэнне адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў дарожнага руху. Цяпер вадзіцель часцей задумваецца пра тое, што лепш не парушаць, чым развітвацца з “кругленькай” сумай.
У апошнія гады мы набылі 2 аўтамабілі, пашырылі штат аддзела, што дало магчымасць трымаць дарогі раёна і вуліцы горада пад больш пільным кантролем.
А яшчэ хачу выказаць шчырую падзяку тым, хто тэлефануе ў міліцыю, калі бачыць на дарозе п’янага вадзіцеля. У гэтым, лічу, няма нічога сарамлівага, бо паведамленнем вы, магчыма, ратуеце жыццё вадзіцелю, яго пасажырам ці пешаходам.
Наколькі актуальна праблема п’янства за рулём у нашым раёне?
— Праблема п’янства сапраўды існуе. Супрацоўнікамі ДАІ ў мінулым годзе было затрымана 158 п’яных вадзіцеляў. Па віне трох адбыліся ДТЗ. На 15 чалавек заведзены крымінальныя справы за паўторнае кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення.
Якія парушэнні правілаў дарожнага руху найбольш распаўсюджаныя?
— Перавышэнне хуткаснага рэжыму (1427), парушэнні ПДР пешаходамі, веласіпедыстамі і гужавымі павозкамі (382), кіраванне аўтатранспартам без вадзіцельскага пасведчання (77).
Якія яшчэ існуюць праблемы на дарогах раёна?
— Першая – гэта самі дарогі. Нядаўна, напрыклад, супрацоўнікі газавай службы пракладвалі трубы на ўчастку вул. Дзяржын-скага ад кальца да магазіна “Родны кут”, цяпер там дарожнае палатно проста жудаснае, каб праехаць, вадзіцелям даводзіцца выязджаць на сустрэчную паласу, а гэта дарога між тым вядзе да самага небяспечнага скрыжавання ў горадзе. Зімой трэба, каб дарогі пасыпаліся і расчышчаліся больш эфектыўна. Так, у 2012 годзе за нездавальняючы стан вулічна-дарожнай сеткі да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 6 работнікаў ДРБУ-142 і 2 – ДЭУ-34.
Зразумела, каб усе ву-ліцы раёна давесці да ідэальнага стану і падтрымліваць яго, патрэбны вялікія грошы, але не трэба забываць, што ад гэтага часта залежыць чалавечае жыццё, а яно — самае галоўнае, што ў нас ёсць.
Яшчэ адна з вострых праблем раёна – гэта сутыкненні транспарту з дзікімі жывёламі. Толькі за мінулы год на дарогах раёна зарэгістравана 27 такіх выпадкаў, у выніку чаго было забіта 13 ласёў і 6 дзікоў, пашкоджана 27 аўтамабіляў. У сувязі з гэтым аддзел ДАІ РАУС унёс у райвыканкам прапанову, каб у месцах частых ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл нацыянальны парк як карыстальнік паляўнічых угоддзяў устанавіў агароджы.
Не зусім бяспечна на аўтастаянках, асабліва каля прыватных магазінаў. Трэба ўстанавіць 3 светлафоры на самых ажыўленых скрыжаваннях горада. Шмат і іншых пытанняў, якія імкнёмся рашаць разам з рознымі службамі.
Віктар Данатавіч, падзяліцеся планамі на бягучы год.
— Сёлета нашай галоўнай задачай па-ранейшаму будзе зніжэнне колькасці ДТЗ і смяротнасці ў іх. Працягнем прафілактычную работу з жыхарамі раёна, будзем удзяляць асаблівую ўвагу зніжэнню дзіцячага траўматызму на дарогах.
Фота аўтара.