Ад вышыванкi да вышыванкi

Главное

У музеі традыцыйнай культуры днямі адкрылася выстава вышыўкі. На запрашэнне прыняць удзел у ёй адгукнуліся сёлета пятнаццаць майстрых, большасць з якіх выставілі свае работы на агляд упершыню. Прычым, як гаворыць кіраўнік народнага клуба “Ля возера” Наталля Парахневіч, не ўсе рашыліся на такую публічнасць самі. Першымі такое рашэнне за іх прынялі сталыя наведвальнікі музейных выстаў, якія палічылі, што ўбачаныя ў сябровак ці знаёмых вышыўкі вартыя для шырокага паказу.
І сапраўды, пры ўваходзе ў залу, дзе разгорнута экспазіцыя, не адразу верыш, што перад вачамі толькі вышыўка. Адны работы ўспрымаеш як фатаграфію, другія як графіку, трэція як жывапіс. Такі эфект дасягнуты высокім майстэрствам і, вядома ж, тонкім густам вышывальшчыц.
Гэта ў першую чаргу тычыцца карцін Марыі Мацкевіч, вышытых і аформленых настолькі дасканала, што толькі зблізку разумееш – вышыванка, а не фатаграфія. Прычым кожная работа мае свой настрой, пэўную ідэю. Не дзіўна, што ў час адкрыцця выставы яе першыя аглядальнікі аддалі майстрысе пальму першынства.
Як ні дзіўна, але хапае часу на вышыванне і ў маці пяцярых дзяцей Алены Пучынскай. Радуюць вочы яе букеты, нацюрморт (традыцыйныя сюжэты ў вышываль-шчыц), а вось Баба Яга — гэта сапраўдны шэдэўр, у якім выкарыстана, па маім сціплым падліку, больш за 30 колераў і адценняў.
Ніводзін наведвальнік не пройдзе раўнадушна міма ікон, вышытых Марыяй Цясюль, работ Ніны Іўчанкі, Алены Хорыкавай, Ілоны Козусевай і ўсіх іншых, бо кожная па-свойму цікавая і заслугоўвае ўвагі.

Пашкевіч.