Днямі на традыцыйную студзеньскую сустрэчу сабраліся члены народнага клуба “Ля возера”. Ужо не адзін год запар у гэту пару мясцовыя майстры і мастакі сумяшчаюць прыемнае і неабходнае: разам адзначаюць калядныя святы, падводзяць вынікі зробленага і плануюць будучыя справы.
Мінулы год, па словах кіраўніка аматарскага аб’яднання Наталлі Парахневіч, быў для калектыву плённым. Майстравыя браслаўчане актыўна ўдзельнічалі ў самых розных святах, што праводзіліся ў раёне, вобласці і рэспубліцы, выязджалі за межы краіны. Адным словам, мелі дастаткова выстаў і экспазіцый, каб прадэманстраваць свой талент, а значыць, і стымул для творчасці. Гэта пацвердзі-ла і выстава “Калядныя ўзоры”, у экспазіцыі якой былі выстаўлены работы аж 38 майстроў.
Многа рабілася клубам для прапаганды народных рамёстваў. І ў Полацку на свяце горада, і ў Віцебску на “Славянскім базары”, і ў Глыбокім на свяце беларускай пісьменнасці, і на фестывалі ў Краславе — усюды нашы майстры праводзілі майстар-класы, у час якіх вучылі лю-дзей цікаўных тэхналогіям таго ці іншага нацыянальнага рамяства. Гэтай мэце, бадай, больш чым магчымасці мясцовым умельцам прадаць свае працы, прысвечаны і праведзеныя летась дзве выстаўкі-продажы. У час іх амаль кожны майстар ці мастак дэманструе працэс “нараджэння” той ці іншай рэчы.
Вядома, далёка не ўсе здольныя на майстар-класе спа-сцігнуць працэс саломапляцення ці ганчарства. Але тая знешняя лёгкасць спрактыкаваных майстроў многіх натхніла па-спрабаваць у рамёствах свае сілы. Спачатку яны прыйшлі ў гурткі музея традыцыйнай культуры, а потым і папоўнілі рады членаў клуба, самі сталі прызнанымі майстрамі.
Гэта ў поўнай меры тычыцца і Вольгі Асяненкі, якая на адной з такіх выстаў захапілася работамі Элы Зінкевіч, прыйшла да яе ў гурток па валянні з воўны, а на апошнім пасяджэнні клуба ўжо прызнана “Майстрам года 2012”.
З года ў год клуб пашырае свае рады. Таму і ў нас ёсць пастаянная магчымасць адкрываць для сябе новыя імёны, пашыраць уласнае ўяўленне пра магчымасці творчасці нават у самых простых рамёствах.
Тамара Пашкевіч.