Дастойны пераймання вопыт

Главное

Тры дні Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя праводзіла выязны прэс-тур па рэгіёнах краіны, у рамках якога журналісты пазнаёміліся з праектамі, што рэалізуюцца з дапамогай замежных інвестараў. Завіталі яны і ў Відзаўскі каледж.
Праграма выязнога прэс-тура накіравана на асвячэнне дзейнасці ў рамках розных праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі.
Адзін з іх – Праграма малых грандаў (ПМГ) Глабальнага экалагічнага фонду — працуе ўжо больш за 15 гадоў у 132 краінах свету. Яна развівае праекты ў розных сферах, ад абароны біяразнастайнасці да памяншэння наступстваў змянення клімату. У 2005 г. Праграма малых грандаў прыйшла ў Беларусь, зараз яна фінансуецца Глабальным экалагічным фондам і рэалізуецца Прадстаўніцтвам ПРААН у краіне.
Што датычыцца Віцебскай вобласці, то тут падтрымана 14 праектаў Праграмы малых грандаў. Усе яны звязаны з энергазберажэннем. Здзяйсненне такіх ідэй стварае патэнцыял, развівае сферу эфектыўнага энерга-спажывання, уводзіць перадавыя тэхналогіі, накіраваныя на захаванне энергіі і іншае. Праекты рэалізуюцца ў Міёрскім, Лепельскім, Бешанковіцкім раёнах, у тым ліку і на Браслаўшчыне.
У адзін з дзён прэс-тура журналісты, прадстаўнікі Мінпрыроды, а таксама нацыянальны каардынатар Праграмы малых грандаў пры ПРААН/ГЭФ у РБ Аляксандр Леўчанка завіталі на некаторыя аб’екты Міёрскага, Лепельскага і Браслаўскага раёнаў, дзе рэалізуюцца праекты па энергазберажэнні.
— У Браслаўскім раёне дзейнічаюць два праекты – у Мяжанах і Відзаўскім каледжы, – адзначыў падчас гутаркі з журналістамі Аляксандр Леўчанка. — Для наведвання мы выбралі Відзы, бо тут каласальны прагрэс бачны адразу. Увогуле відзаўскі праект “Чысты свет” фінансуецца, як і іншыя, з двух бакоў: $48 тысяч на распрацоўку і рэалізацыю ідэй выдзеліў Глабальны экалагічны фонд, а астатнюю суму ўкладваў каледж.
У 2007 г. праект каледжа перамог у энергамарафоне, а ў 2010 пачаў рэалізоўвацца. За гэты час былі пабудаваны трусаферма, сушылка на 250 м2, збожжасховішча на 350 т. Ветраную ўстаноўку каледж набыў таксама пры падтрымцы ГЭФ. Зараз яна выкарыстоўваецца для асвятлення памяшканняў вучэбнай гаспадаркі. На рэалізацыю яшчэ аднаго праекта па энергазберажэнні, будаўніцтва спецыяльнага геліякалектара, каледж таксама атрымаў грошы па праграме малых грандаў. Геліякалектары ўстаноўлены на даху інтэрната і даюць магчымасць падагрэць ваду для 8 душавых кабін.
Пазнаёміцца з новымі спосабамі эканоміі электраэнергіі і на свае вочы ўбачыць, як працуюць устаноўкі, прапанавалі журналістам, а ацаніць створанае папрасілі нацыянальнага каардынатара праграмы малых грандаў пры ПРААН/ГЭФ у РБ.
– Відзы былі першым пунктам у прэс-туры, далей мы накіроўваемся ў Міёры і Лепель, – зазначыў Аляксандр Леўчанка. – Мы ўбачылі, колькі ў каледжы за гэты кароткі час зроблена і робіцца для зберажэння электраэнергіі. Такая работа заслугоўвае высокай ацэнкі, а вопыт будзе карысны для пераймання іншымі ўстановамі.

Таццяна Пятушка.