Вясёлыя Калядкі ў садку

Главное

Традыцыя правядзення беларускіх народных свят у дзіцячым садку № 3 існуе даўно. На працягу многіх гадоў выхаванцы прымаюць удзел ва ўрачыста-сцях, прысвечаных Купаллю, Масленіцы і Калядам. Прычым апошняе свята – адно з самых любімых як у дзяцей, так і ў дарослых. У гэтым годзе музычныя кіраўнікі Анжаліка Аніська і Таццяна Грышчанка вырашылі не адступаць ад традыцыі і разам з выхавацельніцамі і дзецьмі рыхтавалі тэатралізаваны паказ старажытнага свята – Каляды.
Да Каляд у дашкольнай установе рыхтаваліся сур’ёзна. Дзяцей знаёмілі з гісторыяй свята, яго традыцыямі, развучвалі з імі калядныя песні, беларускія народныя танцы і вершы.
Так, дзеці старэйшай групы, пераапранутыя ў нацыянальныя касцюмы, прыйшлі калядаваць у хату да дзеда і бабы. З сабой калядоўшчыкі прывялі казу. Гаспадары пачаставалі яе, і козачка стала гуляць з дзеткамі ў розныя гульні. Пасля на свята да дашкалят завіталі каток і вядзьмарка. Яны таксама парадавалі дзетак гульнямі, танцавалі і спявалі з імі.
Хачу адзначыць, што спектакль праходзіў на беларускай мове і было бачна, што для дзяцей моўнага бар’еру з дарослымі не існавала, яны самі чыталі вершы і спявалі на роднай мове. А напрыканцы свята ўсіх чакаў стол з рознымі беларускімі прысмакамі: дранікі, скваркі, сала, дамашнія каўбаскі ды салёныя агуркі, а таксама гарбата з цукеркамі.
Правядзенне мерапрыемстваў па матывах народных свят мае не толькі культурнае і эстэтычнае, але і велізарнае выхаваўчае значэнне, лічаць у да-школьнай установе.
“Цяпер ва ўсіх дашкольных установах, у тым ліку і ў нашай, вялікая ўвага надаецца фарміраванню ў дзяцей нацыянальнай сама-свядомасці, гонару за свой народ і краіну. Патрыятычнае выхаванне ў нас прысутнічае ва ўсіх відах дзейнасці, — кажа загадчыца дзіцячага садка № 3 Вольга Селязнёва. – Кожны чацвер у садку праходзіць дзень беларускай мовы, калі педагогі паміж сабой і з дзецьмі размаўляюць толькі на роднай мове. А фальклорныя святы далучаюць дзяцей да беларускай культуры і традыцый”.

Вольга Патаповіч.
Фота аўтара.