Шчаслівая сям’я – апора грамадства

Главное

Свой 95-цігадовы юбілей адзначыла 14 студзеня камісія па справах непаўналетніх райвыканкама. З гэтай нагоды карэспандэнт газеты Вячаслаў Каладынскі пагутарыў са старшынёй камісіі Інай Лысенкай.

Іна Феакцістаўна, ужо 95 год дзяржава ахоўвае інтарэсы дзяцей. Нагадайце, калі ласка, нашым чытачам, як адбывалася станаўленне гэтай сістэмы.
— Неабходнасць стварыць спецыяльныя службы для кантролю за непаўналетнімі ўзнікла, калі пасля вядомых сацыяльных узрушэнняў на пачатку мінулага стагоддзя з’явілася вялікая колькасць беспрытульнікаў. Было прынята рашэнне стварыць спецыяльныя органы па папярэджванні правапарушэнняў сярод падлеткаў. Так, згодна з Дэ-крэтам ад 14 студзеня 1918 года была заснавана камісія па справах непаўналетніх. Але, нягледзячы на сталы ўзрост інстытута, яго ўдасканаленне працягваецца. Асабліва гэта датычыцца нарматыўна-прававой базы.
Якія задачы ставіць перад сабой камісія на сённяшні дзень?
— Дзяржава надае вялікую ўвагу дзецям. Асноўныя накірункі дзейнасці камісіі – прафілактыка безнагляднасці і правапарушэнняў сярод непаўналетніх, абарона інтарэсаў і правоў дзяцей, аналіз сітуацыі ў сем’ях і прыняцце мер дзеля яе паляпшэння, у тым ліку, прызнанне непаўналетніх у стане, які патрабуе дзяржаўнай абароны. Безумоўна, пра маленькіх жыхароў нашай краіны клапоцяцца многія службы, але камісія – галоўны каардынуючы орган у гэтай справе.
Дзейнасць КСН рэгулюецца шматлікімі заканадаўчымі актамі, сярод якіх выдзяляецца Дэкрэт №18. А якія магчымасці атрымала камісія па справах непаўналетніх, дзякуючы яму?

— Самае галоўнае – Дэкрэт даў магчымасць захаваць сям’ю. Калі раней пры выяўленні сацыяльнай небяспекі для дзяцей іскі адразу накіроўвалі ў суд і хутка разглядалася пытанне пра пазбаўленне бацькоўскіх правоў, то зараз нядбайныя бацькі маюць час выправіцца. Дзіця пры-знаецца ў стане, патрабуючым дзяржаўнай абароны, і змяшчаецца ў прытулак на тэрмін да паўгода. Пры выкананні бацькамі з падтрымкай дзяржаўных структур па-трабаванняў камісіі за гэты час ці нават раней дзеці вяртаюцца ў сям’ю.
Іна Феакцістаўна, агучце, калі ласка, асноўныя вынікі, дасягненні ці, наадварот, праблемныя моманты ў дзейнасці камісіі за апошнія гады.
— У апошні час дзякуючы агульным намаганням не зафіксавана выпадкаў ужывання алкаголю непаўналетнімі ва ўзросце да 16 гадоў. З 2006 года ў раёне адсутнічаюць другагоднікі, да мінімуму скарочана колькасць адлічаных з каледжа. На працягу апошніх двух гадоў назіраецца дэкрыміналізацыя абстаноўкі з падлеткамі на дыскатэках у РДК. Галоўным жа нашым дасягненнем лічу тое, што за апошнія 6 гадоў удалося захаваць 56 дзетак у сем’ях.
Што датычыцца праблем, то, сапраўды, яны ёсць. Так, пакуль не ўдалося выправіць становішча з распіццём спіртных напіткаў 17-18-цігадовымі. Выклікае занепакоенасць ігнараванне нашай моладдзю правілаў дарожнага руху: толькі ў 2012 годзе камісія разгледзела 27 пратаколаў з ДАІ. На фоне агульнага зніжэння колькасці правапарушэнняў адзначаецца рост дробных крадзяжоў. Працуем з бацькамі, якія ўхіляюцца ад выканання бацькоўскіх абавязкаў. Над вырашэннем гэтых праблем будзем працаваць у бягучым годзе.
Законы і Дэкрэт у раёне рэалізуюць звычайныя людзі з самых разнастайных службаў, аддзелаў і ўстаноў. Ці хацелі б вы каго-небудзь адзначыць?
— Безумоўна, вялікі ўклад у агульную справу зрабілі нашы з вамі супрацоўнікі і суседзі. Хочацца назваць імёны Ірыны Багародзь, Уладзіміра Палягошкі, Святланы Цыўнель, Марыі Баравік, Леаніда Сцяпанава, Мікалая Дзянісава. Гэта ветэраны нашай агульнай грамадскай справы. Сучасную сістэму па папярэдж-ванні сацыяльнага сіроцтва стварыла ў раёне папярэдні старшыня КСН Ніна Пучын-ская, дзякуючы якой сёння пытанні абароны інтарэсаў дзяцей разглядаюцца на самым высокім узроўні. Зараз найбольш актыўныя ўдзельнікі працэсу – вядомыя ў раёне людзі: Іван Абаровіч, Ірына Мацук, Андрэй Бабуль, Ірына Аніська. Сярод старшынь камісій па справах непаўналетніх сельвыканкамаў можна адзначыць Станіслава Кяпсню, Святлану Багародзь, Алу Даніліну. Увогуле хачу выказаць словы ўдзячнасці ўсім, хто прымае ўдзел у справе абароны інтарэсаў дзяцей Браслаўшчыны – ад членаў камісіі і супрацоўнікаў РАУС і пракуратуры да ўстаноў адукацыі і шэфаў.
Што б вы пажадалі напрыканцы гутаркі бацькам, дзецям, калегам і простым чытачам нашай газеты?
— Будзьце падтрымкай і прыкладам сваім дзецям. Дарыце ім абарону і любоў, і тады яны прыўнясуць свае лепшыя якасці ў развіццё нашага грамадства. Будзьце шчаслівыя, бо, як кажуць, сям’я – апора дзяржавы, а шчаслівая – удвая.
Дзякую, Іна Феакцістаўна, за размову.