Служба выратавальнікаў, а ў нашым раёне яна прадстаўлена Браслаўскім аддзелам па надзвычайных сітуацыях, дзе працуюць 12 афіцэраў і 62 ваеннаслужачыя, падобная з ваеннай. Усё грунтуецца на строгай дысцыпліне, і кожная раніца пачынаецца па распарадку. Задачы на дзень, тэарэтычныя і практычныя заняткі, вучэнні, а калі паступае трывожны званок на цэнтр аператыўнага ўпраўлення – мінутная гатоўнасць на выезд.
Выязджаючы па выкліку, ніхто з каравула не ведае дакладна, што там чакае, палаючы дом, бытавое задымленне ці выратаванне чалавека з агню, але заўжды фізічна і маральна павінны быць гатовы да ўсялякіх акалічнасцей.
Толькі ў мінулым годзе ў раёне адбыліся 34 пажары, у якіх загінулі 10 чалавек. І ў кожным выпадку выратавальнікі імкнуліся аператыўна дапамагчы, асабліва, калі ведалі, што жыццю чалавека пагражала небяспека.
Але пажары – не адзінае поле дзейнасці супрацоўнікаў РАНС.
Памятаеце, як у лесе за-блудзіў маленькі хлопчык. У ліку тых, хто прыняў самы актыўны ўдзел у яго пошуку, былі і выратавальнікі.
А яшчэ, як расказваў начальнік РАНС Сяргей Сачыўка, незабыўным застаецца такі выпадак. На пульт ЦАУ паступіў сігнал, што ля Урбан з лесу чуюцца крыкі пра дапамогу. Выратавальнікі адразу паспяшаліся трапіць туды. Аказалася, што бабуля заблудзілася, старалася самастойна выйсці на шум машын, які чуўся з трасы, і правалілася ў балота. Дзякуючы тэлефоннаму званку і аператыўнасці выратавальнікаў жанчына не загінула.
Сёння РАНС даволі грунтоўна аснашчаны, у тым ліку інструментамі для дэблакіроўкі пацярпелых з аўтамабіля пры дарожна-транспартных здарэннях, мінімальным наборам сродкаў для ліквідацыі хімічных аварый. Маецца ў арсенале таксама лодка з маторам для выратавання тых, хто пераацаніў свае магчымасці на вадзе. Некалькі су-працоўнікаў РАНС атрымалі дадатковую спецыяльнасць прамысловых альпіністаў і маюць права працаваць на вышыні.
Самі ж выратавальнікі, асабліва вопытныя, прызнаюцца, што, калі выконваеш адны і тыя ж абавязкі, калі ты навучаны і натрэніраваны, у надзвычайных сітуацыях рэагуеш рэфлекторна. Галоўнае ж, у цяжкую хвіліну адчуваць плячо таго, хто побач. Калі робіш крок у полымя ці бездань, вельмі важна ведаць, што побач надзейны чалавек, які абавязкова прыйдзе на выручку.
У калектыве выратавальнікаў нямала людзей, сапраўды адданых прафесіі. Сярод іх А. Сідарэнка, В. Аніська, У. Завадскі, І. Станкевіч, П. Гайдзель. Сёлета яны ідуць на заслужаны адпачынак. Але кіраўніцтва аддзела і калектыў РАНС яшчэ неаднойчы будуць успамінаць пра смеласць сваіх калег, іх прафесіяналізм і ўменне дзейнічаць аператыўна ў складаных сітуацыях.
На змену вопытным прыходзяць маладыя. Сёння ў калектыве ўжо раўняюцца на камандзіра аддзялення Віталя Вайткевіча з ПАВЧ г. Браслава, вадзіцеля гэтай жа часці Аляксандра Вайтанца, начальніка відзаўскага па-ста Канстанціна Туронка і інш.
Выратавальнікамі не нараджаюцца, імі становяцца.
Тэкст і фота Зінаіды Палулех.