Зіма не-не ды падносіць свае сюрпрызы. Маразы змяняюцца адлігай, галалёдам, снегападамі. Камунальнікам ды дарожнікам такія капрызы надвор’я прыносяць нямала клопатаў.
У горадзе пра бяспеку руху клапоцяцца работнікі ДП “Браслаў-камунальнік”. Як паведаміў начальнік участка па добраўпарадкаванні і саначыстцы Станіслаў Галіцкі, на расчыстку вуліц і пешаходных дарожак пасля снегападу выязджаюць 2 МАЗы, 3 МТЗ, маленькі трактар са шчоткай і лапатай. Найперш расчышчаюцца ад снегу пад’езды да сацыяльна значных аб’ектаў. Затым тэхніка пераязджае на іншыя ўчасткі. На аўтобусных прыпынках, пешаходных пераходах, тратуарах рабочыя ўручную расчышчаюць снег. Сёлета да пачатку зімовага сезона прывезлі 136 тон солі для прыгатавання сумесі. Толькі за снежань яе зрасходавалі 460 тон. А ў мінулыя гады на ўвесь сезон хапала 500 тон пясчана-солевай сумесі.
Работа камунальнікаў не спыняецца і ў выхадныя дні.
Хапае спраў і ў дарожнікаў. Дырэктар ДЭУ-34 Уладзімір Аніськоў патлумачыў: “У кругласутачным рэжыме працуе ды-спетчарская служба ўпраўлення. Мы не можам дапусціць, каб дарогі, якія абслугоўваем, выклікалі нараканне ў вадзіцеляў, тым больш, што адказваем за трасы рэспубліканскага і міжнароднага значэння”.
Не застала зіма знянацку і калектыў ДРБУ-142. На аб-слугоўванні арганізацыі, па словах дырэктара Анатоля Пліско, 865 км дарог, з іх 500 км – гравійных, астатнія – з асфальтавым пакрыццём.
Найперш асноўныя сілы па расчыстцы і падсыпцы накіроўваюць на аўтобусныя маршруты, каб можна было давезці дзяцей да школы, даехаць людзям да работы, а ўжо потым размяркоўваюць на астатнія дарогі. У залежнасці ад надвор’я і колькасці выпаўшага снегу ў дзень можа працаваць да 20 адзінак тэхнікі ДРБУ-142.
— Магчыма, нехта на нас можа па-скардзіцца, што, маўляў, не расчышчана дарога да майго дома на хутары. Але мы перш-наперш стараемся, каб зрабіць як мага больш зручнымі і бяспечнымі для праезду дарогі агульнага прызначэння.
Па прагнозе сіноптыкаў, зімовае на-двор’е зноў можа ўскладніць жыццё камунальнікам, дарожнікам. Але яны запэўніваюць, што сітуацыя пад кантролем і далёкая ад крытычнай.
Зінаіда
Палулех.