Няма нічога даражэйшага, чым здароўе і жыццё чалавека. Таму сёння на розных узроўнях пытанням бяспекі людзей, аховы працы, папярэджвання пажараў і гібелі на іх грамадзян надаецца самая павышаная ўвага. Вось і на парадак дня чарговай 21-ай сесіі раённага Савета дэпутатаў 26 склікання, як зазначыла, адкрываючы яе старшыня райсавета Ніна Пучынская, былі вынесены для абмеркавання менавіта гэтыя пытанні.
Напачатку намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Высоцкая праінфармавала пра стан вытворчага траўматызму і ахову працы, выкананне заканадаўства аб працы на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна. Як вынікала з даклада, безумоўна, робіцца нямала па прафілактыцы аварый і інцыдэнтаў на вытворчасці, прафесіянальнай захворваемасці. Гэта праблема на пастаянным кантролі райсавета, райвыканкама, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, сельвыканкамаў, раённай камісіі па ахове працы. Нягледзячы на гэта, як падкрэсліла Валянціна Высоцкая, пакуль што не ва ўсіх арганізацыях і на прадпрыемствах зроблена ўсё, каб не дапусціць траўміравання і гібелі людзей. І сведчаннем таму вынікі маніторынгу, які быў сёлета праведзены ў сельгасарганізацыях раёна па захаванні норм аховы працы. Выяўлена больш за 350 парушэнняў, 9 работнікаў вызвалены з пасады, забаронена эксплуатацыя 15 адзінак сельгастэхнікі і прыпынена 12 відаў работ. Найбольш парушэнняў члены мабільнай групы знайшлі ў ААТ “Мяжаны”, “Новая Гвардыя”, КУСП “Браслаўскі”. У асноўным у гаспадарках яны тыповыя: пры зварачных работах карысталіся самаробным электратрымальнікам, рамантуемая тэхніка ўстанаўліваецца на драўляныя калодкі, не абсталяваны ў адпаведнасці з патрабаваннямі пост напампоўвання шын у мехмайстэрнях і г.д.
Пад кантролем мабільных груп знаходзіцца і стан аховы працы на будаўнічых аб’ектах. Тут таксама нямала такіх парушэнняў, якія могуць прывесці да траўматызму. Нярэдка будаўнікі працуюць без сродкаў індывідуальнай аховы, не адпавядаюць патрабаванням будаўнічыя рыштаванні і драўляныя лесвіцы, не замацаваны, як належыць, правады, якія выкарыстоўваюцца для часовага электрасілкавання.
За розныя парушэнні, па словах В. Высоцкай, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 8 адказных асоб. На іх накладзены штраф у суме 8,6 млн. руб.
Праўда, каардынацыя работы ўсіх органаў дзяржаўнай улады садзейнічала зніжэнню ўзроўню вытворчага траўматызму з цяжкім і смяротным зыходам. У раёне адбыўся 1 няшчасны выпадак з цяжкім і 1 з лёгкім зыходам, у мінулым годзе такіх было больш.
Нямала робіцца, як падкрэсліла Валянціна Высоцкая, і па паляпшэнні ўмоў працы на прадпрыемствах, што таксама ў пэўнай меры садзейнічае захаванню здароўя і жыцця людзей. На выкананне прадугледжаных праграмай мерапрыемстваў па тэхнічным пераўзбраенні і мадэрнізацыі вытворчасці ў першым паўгоддзі 2012 года зрасходавана 9,7 млрд. руб., што складае 58% ад запланаваных 16,6 млрд. Толькі на набыццё сродкаў індывідуальнай аховы затрачана 6,1 млн. руб.
Выклікае заклапочанасць той факт, што сёлета ўжо 8 чалавек загінулі ў агні, летась за адпаведны перыяд — 2. Аб мерах па папярэджванні пажараў інфармаваў на сесіі райсавета начальнік аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Сачыўка, і акцэнтаваў увагу на канкрэтных дзеяннях, якія трэба выканаць, каб прывесці розныя аб’екты, у першую чаргу ў сельгасарганізацыях, інтэрнатах, жылым фондзе, у пажаранебяспечны стан.
Падводзячы вынікі канструктыўнай размовы па абмяркоўваемых пытаннях, старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў, які прыняў удзел у рабоце сесіі райсавета, зазначыў, што сёння захаваць жыццё і здароўе людзей – адна з асноўных задач мясцовай улады і многіх службаў, якія таксама ў адказе за гэта. Аднак нярэдка ў некаторых адказных асоб гэты клопат больш тэарэтычны, чым практычны. Таму неабходна мяняць такія падыходы і брацца за справу ўсур’ёз. “Тады мы не будзем губляць людзей на вытворчасці, пажарах, у аварыях”, — сказаў старшыня райвыканкама.
На сесіі выступілі галоўны спецыяліст аддзела аховы працы і дзяржаўнай экспертызы ўмоў працы камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Ігар Гарбачоў і галоўны дзяржаўны інспектар Глыбоцкай міжраённай інспекцыі працы Уладзімір Пляшак.
Зінаіда Палулех.