На сярэдзіну гэтага тыдня хлебаробы ААТ “Бярозавы край” паспелі пасеяць 420 гектараў азімых збожжавых з запланаваных 920 га. У першую чаргу, як таго і патрабуюць агратэхнічныя тэрміны, сеюць пшаніцу і трыцікале. Пазней глебу ляжа насенне жыта. Дарэчы, калі ад апошняй культуры ў гаспадарках раёна імкнуцца пазбавіцца і сеюць яе толькі для таго, каб выканаць дзяржзаказ, то ў “Бярозавым краі”, па задумках кіраўніка Уладзіміра Васюковіча, клін азімага жыта будзе пашырацца. Таму ёсць эканамічная выгада. Сёлета, напрыклад, спіртзаводы рэспублікі плацілі за зерне гэтай культуры без малога ў тры разы больш, чым за дзяржпастаўкі.
У пасяўным атрадзе гаспадаркі задзейнічаны 2 агрэгаты АПП-6, 6 трактароў з культыватарамі, 1 уносіць мінеральныя ўгнаенні. Такім чынам, для сеяльшчыкаў заўсёды наперад застаецца падрыхтаваная глеба. Віктар Вансовіч і Дзмітрый Гадзевіч — механізатары спрактыкаваныя. Як гаварыў Дзмітрый, ёсць разгон і сеялі б значна больш за дзённыя выпрацоўкі, бяда ў тым, што засталіся дробнаконтурныя палі.
А ў пацвярджэнне слоў механізатара аграном гаспадаркі Віктар Крывель сказаў, што ім была выбрана стратэгія паскарэння сяўбы. Перш за ўсё тэхніку накіравалі на палеткі з буйнымі контурамі, дзе механізатарам была магчымасць развярнуцца, працавалі яны за поўнач. Такім чынам і паспелі засеяць палову запланаваных плошчаў. Цяпер жа тэмпы работ крыху знізіліся, бо сеяць даводзіцца на меншых участках, ды і рыхтаваць іх пад работу пасяўных агрэгатаў з-за затравянеласці трэба больш старанна. І з гэтай работай выдатна спраўляюцца механізатары Іван Мартынкін, Сяргей і Альфонс Магрыны.
У цэлым жа хлебаробы “Бярозавага краю” нацэлены завяршыць восеньскую сяўбу ў спрыяльныя для яе тэрміны, каб атрымаць у будучым годзе важкі ўраджай.
Тэкст і фота Аляксандра Азевіча.