У Браслаўскім Доме культуры адзначылі Дзень бібліятэк (фота)

Главное

Браслаўская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма сёння налічвае 35 устаноў і 65 кваліфікаваных спецыялістаў, якія працуюць эфектыўна і зладжана, ствараюць клубы па інтарэсах і асвойваюць новыя віды платных паслуг. Менавіта гэтыя людзі не абышлі ўвагай святочную дату і арганізавалі вялікае і насы-чанае мерапрыемства, прысвечанае Дню бібліятэк. Прадстаўнікі ўлады, адукацыі і культуры, простыя браслаўчане і, вядома ж, бібліятэкары з усяго раёна сабраліся ў РДК, каб успомніць мінулае, паказаць сучаснасць і акрэсліць будучыню бібліятэчнай справы.
Напачатку ўрачыстасці старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская ад імя мясцовай улады і сябе асабіста павіншавала прысутных з прафесійным святам. Яна падкрэсліла, што праца бібліятэкара ва ўсе часы была непасрэдна звязана з асветай, а на Браслаўшчыне да яе заўсёды ставіліся адказна. Лепшыя прадстаўнікі галіны атрымалі з рук Н.Пучынскай падзякі старшыні райвыканкама.
Са сцэны гучалі песні і прыпеўкі. Гледачы пабачылі народныя танцы. І ўсё гэта ў выкананні бібліятэкараў з розных куткоў раёна. Ніхто не застаўся абыякавым да віншаванняў, якія падрыхтавалі дарослым іх дзеці. Павесяліў так-сама жартоўны відэафільм “Адзін дзень з жыцця метадычнай службы”, створаны работнікамі аддзела бібліятэчнага маркетынгу. Тым самым арганізатары адзначылі, што яны – людзі творчыя і з агеньчыкам у вачах.
Цікава прайшоў конкурс “Сваёй прафесіяй ганаруся”, падчас якога ў прафесіянальным майстэрстве спаборнічалі маладыя бібліятэкары раёна. Удзел у ім прынялі Рада Мурашка, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай бібліятэкі, Іна Болундзь, бібліятэкар таго ж аддзела, Ангеліна Курбан з Пагашчанскай бібліятэкі, Вольга Мачуль, прадстаў-нік Браслаўскай дзіцячай бібліятэкі і Ганна Маслякова з Друі. Як падкрэслілі вядучыя мерапрыемства, дзяўчыны розныя, але іх аб’ядноўвае прыгажосць, таленавітасць і, самае галоўнае, маладосць.
На працягу конкурсу ўдзельніцы дэманстравалі свае візіткі, адказвалі на тэматычныя пытанні, зачытвалі ўрыўкі з эсэ, экспромтам апісвалі значэнне кнігі. Конкурс “Бібліятэчныя таленты” паказаў, наколькі разнастайнымі могуць быць захапленні сучаснай дзяўчыны: тут і пляценне з бісеру, і спевы, і тэатральнае майстэрства, і края-знаўства, прысутныя нават паспрабавалі варэнікі з чарніцамі, прыгатаваныя адной з канкурсантак. Кампетэнтнае журы ў намінацыі “Натхненне” перавагу аддало Іне Болундзь, у намінацыі “Арыгінальнасць” – Ангеліне Курбан, “Абаяльнасць” – Радзе Мурашка, “Маладосць” – Ганне Масляковай. Гран-пры ж заваявала Вольга Мачуль. Дзяўчыны атрымалі дыпломы, медалі і памятныя падарункі.
Падчас урачыстасці былі падведзены вынікі раённай бібліятэчнай акцыі “Час чытаць на беларускай мове”, закліканай папулярызаваць роднае слова, названы яе самыя актыўныя ўдзельнікі. У яе рамках ладзіліся кніжныя выставы, агляды літаратуры, віртуальныя падарожжы і прэзентацыі, гутаркі, круглыя сталы і іншае. Усяго больш за 200 мерапрыемстваў для дзяцей і дарослых прайшлі ў бібліятэках раёна.
Арганізатары свята не пакінулі без увагі тых, хто ўсё жыццё прысвяціў прафесіі. Шмат цёплых і ўдзячных слоў гучала ў адрас ветэранаў бібліятэчнай справы. Усе яны атрымалі ў падарунак кветкі і буклет “Жыццё без кнігі я не ўяўляю…” У сваю чаргу, вопытныя бібліятэкары таксама ўручылі сваім маладым калегам тэматычныя памяткі як сімвал пераемнасці традыцый.
Мерапрыемства было багатым на ўзнагароды і падзякі. Начальнік аддзела культуры райвыканкама Галіна Караткова ўручыла граматы лепшым работнікам бібліятэчнай сістэмы і нагадала, што гэтыя людзі не толькі адказна і прафесійна выконваюць свае абавязкі, але і знаходзяцца ў авангар-дзе грамадскага жыцця: актыўна ўдзельнічаюць у перапісах насельніцтва, выбарчых кампаніях. Дырэктар ЦБС Вольга Ляснеўская агучыла вынікі конкурсу “Бібліятэкар года”. Яго лаўрэатамі сталі бібліятэкар аддзела аб-слугоўвання і інфармацыі цэнтральнай бібліятэкі Наталля Вансовіч і метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Валянціна Лук’янава.

Вячаслаў Каладынскі,

фота Гальляша Сялявы.